Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Старшыня Тулаўскага сельсавета Зэльвенскага раёна: “Гэта мая тэрыторыя…”

Кіраўніца справамі Тулаўскага сельсавета Алеся Грэцкая гутарыць з ініцыятыўнай групай кандыдата Івана Шэгі.
Кіраўніца справамі Тулаўскага сельсавета Алеся Грэцкая гутарыць з ініцыятыўнай групай кандыдата Івана Шэгі.

У пятніцу, 26 жніўня, у вёсцы Міжэрычы Зэльвенскага раёна каля мясцовай крамы сябры ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі праводзілі агітацыйны пікет.

Да іх падыйшла маладая сімпатычная дзяўчына і сказала, што яна працуе кіраўніцай справамі Тулаўскага сельскага выканаўчага камітэта і хоча даведацца, што тут, у Міжэрычах, адбываецца. Кіраўнік ініцыятыўнай групы кандыдата Віктар Марчык папрасіў паказаць дакумент, які пацвярджае, што дзяўчына сапраўды працуе ў Тулаўскім сельсавеце. Дакументаў ніякіх у дзяўчыны не аказалася. Але сябры ініцыятыўнай групы паведамілі, што яны праводзяць агітацыйны пікет.

 Дзяўчына, як потым стала вядома, гэта была Алеся Грэцкая, нічога не сказала, зайшла ў мясцовую краму і праз некалькі хвілін да пікетоўшчыкаў пад’ехала другая жанчына – старшыня Тулаўскага сельсавета Таццяна Умарава. Жанчына адразу паказала належны дакумент і накінулася на пікетоўшчыкаў са словамі: “Хто вы такія? Пакажыце вашы дакументы”. Сябры ініцыятыўнай групы, якія наладжвалі пікет, паказалі ёй усе свае дакументы, і паведамілі, што праводзяць пікет згодна заявы, пададзенай у Зэльвенскі райвыканкам. Тады спадарыня Умарава пачала на пікетоўшчыкаў крычаць: “Гэта мая тэрыторыя, а не ваша, я тут – гаспадыня. І вы павінны пакінуць маю тэрыторыю. Вас толькі дапусці да ўлады, тады ў краіне чорт ведае што будзе!..”. На ўсе крыкі Віктар Марчык адказаў спакойна: “Гэта не ваша тэрыторыя, а Рэспублікі Беларусь. І можаце выклікаць міліцыю або звярнуцца ў выбарчую камісію і ўсе пытанні вырашыць, калі вы ў гэтых пытаннях некампетэнтны старшыня сельсавета”.

Жанчына працягвала выказваць незадавальненне, запісала ўсе дадзеныя пашпартоў пікетоўшчыкаў, а потым пакінула Міжэрычы.

Таццяна Умарава запісаве дадзеныя пашпартоў і крычыць на сяброў ініцыятыўнай группы Івана Шэгі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары