Таццяна Севярынец: “Пасля пікета нам давялося пісаць скаргі”
Кандыдатка ў дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 правяла 25 жніўня першы пікет у Віцебску. Ён быў прымеркаваны да 25-х угодкаў падзеі дзяржаўнага значэння: 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет надаў статус канстытуцыйнага закону Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.
“Афіцыйна вызначанае месца для пікетаў у мікрараёне Білева – гэта бульвар, на якім “узараная” уся брукаванка. Ідуць рамонтныя работы. Зразумела, што мінакоў тут няма і быць не можа. Гэтай акалічнасці падзівіліся нават назіральнікі з АБСЕ – што мы стаім на гарадскім ускрайку ды яшчэ ў малапрыдатным месцы”, - кажа спадарыня Таццяна.
Між тым для наведнікаў пікета кандыдатка і яе група падтрымкі арганізавалі некалькі сюрпрызаў. Да прыкладу, сімвалічнае “галасаванне” фасолінамі: ахвотным прапанавалі на выбар чорную і белую фасолю, каб апусціць яе ў “скрыню для галасавання”. Белую фасолю маглі скарыстаць тыя, хто выказваўся “за перамены”, а чорную – хто мае супроцьлеглае меркаванне…
На пікет з’явіліся і прадстаўнікі абласной выбарчай камісіі, і міліцыянты, а таксама – мікрааўтобус з камандай апанента спадарыні Севярынец, загадчыка кафедры медуніверсітэта Сяргея Занько. Справа адбывалася ў працоўны час, а мікрааўтобус быў службовы, падкрэслівае Таццяна Севярынец:
“Давялося падаць скаргу ў Віцебскую-Чкалаўскую выбарчую камісію №18 на парушэнні кандыдатам Занько артыкула №73 "Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь" аб роўнасці правоў і абавязках кандыдатаў. На маю думку, ён парушыў артыкул ў частцы выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу: подпісы ў яго падтрымку ў ліпені збіраліся дактарамі паліклінік падчас прыёму, для дастаўкі агітацыйных матэрыялаў і ўдзельнікаў пікета ў працоўны час быў выкарыстаны службовы мікрааўтобус. Сам кандыдат, як сказалі пікетоўцы, “знаходзіцца на працы” - чамусьці, у адпаведнасці з Кодэксам, ён не браў адпачынак”.
Скаргі на задзейнічанне адміністрацыйнага рэсурсу кандыдатам па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Васілём Чэканам, начальнікам Департамента па матэрыяльных рэзервах Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь падалі таксама ягоныя канкурэнты, грамадскія актывісты Алена Шабуня і Вадзім Кузьмін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”