У Віцебску “праўладныя” кандыдаты ігнаруюць запланаваныя сустрэчы, але арганізуюць іншыя – у працоўны час у нявызначаных для гэтага месцах
Прачытаўшы абвестку на сайце Віцебскага гарвыканкама, трапіць на сустрэчу з кандыдатам Васілём Чэканам, які балатуецца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, спрабавала ягоная канкурэнтка Алена Шабуня. Аднак знайсці кандыдата ёй не ўдалося.
“Сустрэча была прызначана на 17 гадзін 24 жніўня. Яна мусіла адбывацца па адрасе вул. Кірава, 11 – гэта зала індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Але, насуперак абвестцы, сустрэчы не толькі не было – пра яе ў вучэльні ніхто не ведаў. Затое давялося пачуць пра іншыя сустрэчы майго канкурэнта, спадара Чэкана: аказалася, ён праводзіў сустрэчу там жа, на Кірава 11, але 16 жніўня. Ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэтую сустрэчу не было. І праводзілася яна, як мне сказалі, раніцай – хаця ў пераліку месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі дакладна пазначана: у зале індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа сустрэчы можна прызначаць толкі з 17 да 19 гадзін”, - кажа спадарыня Шабуня.
Даведалася кандыдатка і яшчэ пра адну сустрэчу з выбаршчыкамі свайго канкурэнта Васіля Чэкана. Яна праводзілася 25 жніўня ў 12 гадзін – у працоўны час – у віцебскай абласной філармоніі. Паводле адміністратара філармоніі – а гэтая ўстанова тэрытарыяльна знаходзіцца ў іншай акрузе, Віцебскай-Кастрычніцкай № , на сустрэчу склікалі працоўны калектыў. І выступалі паред работнікамі філармоніі і Васіль Чэкан, і Аляксандр Цацоха, дзеючы дэпутат парламента, які балатуецца паўторна па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе №20.
Аніякай інфармацыі пра сустрэчы з выбаршчыкамі спадара Цацохі на сайце гарвыканкама няма ўвогуле. Што да філармоніі, то гэтай установы ўвогуле няма ў пераліку месцаў, вызначаных адміністрацыяй Кастрычніцкага раёну для сустрэч кандыдатаў у памяшканнях.
Алена Шабуня рыхтуе скаргу на дзеянні Васіля Чэкана, які парушае графік прызначаных сустрэч з выбаршчыкамі . А тым часам ладзіць іншыя сустрэчы, прычым у працоўны час і ў месцах, якія не ўваходзяць у пералік дазволеных. Між тым, кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, а таксама іх давераныя асобы не маюць права праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў месцах, якія не вызначаны адмысловымі рашэннямі раённых адміністрацый. Недазволеным прыёмам лічыцца і прызначэнне сустрэчы, якая потым ігнаруюцца самім кандыдатам – бо ў гэты дзень і час там мог бы правесці сустрэчу з выбаршчыкамі любы з ягоных апанентаў.