Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гродненская абласная камісія не ўбачыла няроўных умоў для кандыдатаў

   На паседжанні Гродненскай абласной выбарчай камісіі была разгледжана скарга кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ па Шчучынскай выбарчай акрузе №60 Сяргея Трафімчыка. Скарга была пададзена на прадмет парушэння ўмоваў роўнасці іншым кандыдатам па гэтай акрузе – Валерыем Саўко, старшынёй Гродненскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюзу работнікаў дзяржаўных і іншых установаў. Яго вылучэнне кандыдатам праходзіла пры выразнай падтрымцы дзяржаўных структур і дзяржаўных медый.

   ЦВК, куды спачатку была накіравана скарга, пераадрасавала яе ў абласную камісію і прасіла разгледзець у частцы правядзення сходаў Валерыем Саўко на тэрыторыі акругі. Яшчэ ў дваццатых днях ліпеня Валерый Саўко правёў сустрэчы ў Шчучыне ў дзяржаўных установах. На паседжанні Гродненскай ТВК Саўко тлумачыў, што праводзіў сустрэчы з членамі згаданага прафсаюзу, а арганізатарам сустрэчы ў Шчучыне выступаў не ён, а Шчучынскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Пра выбары на гэтай сустрэчы, па словах Валерыя Саўко, нічога не гаварылася. Іншая сустрэча прайшла ў Мастах, дзе прайшоў Пленум раённага аб’яднання прафсаюзаў, дзе быў пераабраны старшыня. На гэтай сустрэчы нібыта таксама нічога не гаварылася пра выбары і падтрымку кандыдата. На сустрэчах таксама былі журналісты раённых дзяржаўных газет “Дзянніца” і “Зара над Нёманам”, якія затым асвятлілі падзеі. Паводле слоў Валерыя Саўко, гэтыя сустрэчы мелі чыста прафесійны характар у рамках яго прафсаюзнай дзейнасці і не мелі ніякага дачынення да выбараў.

   На паседжанні Гродненскай абласной камісіі таксама прысутнічаў член акруговай камісіі Шчучынскай выбарчай акругі №60 Юрый Пашук -- ён жа старшыня Шчучынскага раённага аб’яднання прафсаюзу дзяржаўных службоўцаў, які выступаў арганізатарам сустрэчы ў Шчучыне 20 ліпеня.

  У выніку ТВК аднагалосна прызнала скаргу Сяргея Трафімчыка неабгрунтаванай і не задаволіла яе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары