Кандыдат у дэпутаты скардзіцца на тэлебачанне і на рашэнні Хоцімскага і Чэрыкаўскага райвыканкамаў
Кандыдат у дэпутаты ад АГП па Крычаўскай выбарчай акрузе №83 Таццяна Шамбалава накіравала скаргу ў Магілёўскую абласную выбарчую камісію, у якой патрабуе адмяніць рашэнне акруговай камісіі аб узгадненні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў у Хоцімскім і Чэрыкаўскім раёнах.
У Хоцімску для правядзення перадвыбарчых мерапрыемстваў вызначаны толькі два месцы, у Чэрыкаве – 5. Між тым, у Крычаўскім і Клімавіцкім раёнах, якія таксама ўваходзяць выбарчую акругу №83, райвыканкамамі вызначаны толькі забароненыя для масавых мерапрыемстваў месцы, а ўсе іншыя месцы дазволены для правядзення перадвыбарчых масавых мерапрыемстваў.
Таццяна Шамбалава лічыць, што Хоцімскі і Чэрыкаўскі райвыканкамы павінны адмяніць свае папярэднія рашэнні наконт вызначэння месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў кандыдатамі, і прыняць новыя, аналагічныя рашэнням Крычаўскага і Клімавіцкага райвыканкамаў.
Таксама Таццяна Шамбалава сумесна са сваёй даверанай асобай Віталём Рымашэўскім накіравала скаргі ў акруговую камісію Крычаўскай выбарчай акругі №83, Магілёўскую абласную камісію і ЦВК на парушэнне выбарчага заканадаўства пры правядзенні тэледэбатаў.
Шамбалава і Рымашэўскі скардзяцца на тое, што пры вядзенні запісу тэлебатаў 23 жніўня вядучы дэбатаў, галоўны рэдактар ТРК “Магілёў” А. Скарабагатаў усяляк перашкаджаў выступам Віталя Рымашэўскага. Такіх дзеянняў з боку А. Скарабагатава ў адносіна да іншай удзельніцы тэлебатаў, кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыні Крычаўскага райсавета Таццяны Марачкавай не назіралася.
Таццяна Шамбалава і Віталь Рымашэўскі патрабуюць перазапісу выступу Рымашэўскага падчас тэледэбатаў і матэрыяльнай кампенсацыі рэсурсаў, патрачаных кандыдатам і яе даверанай асобай.
Таксама Шамбалава і Рымашэўскі патрабуюць ад камісій даць прававую адзнаку дзеянням галоўнага рэдактара ТРК “Магілёў” А. Скарабагатава.