Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Глуску нарэшце з’явіліся агітацыйныя плакаты кандыдатаў (фота)

Глуск. Агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты.
Глуск. Агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў у дэпутаты.

У гарадскім пасёлку Глуск нарэшце пачалі з’яўляцца агітацыйныя плакаты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Спачатку 22 і 23 жніўня на агітацыйных стэндах і вітрынах устаноў культур з’явіліся агітацыйныя ўлёткі дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Мікалая Калтунова. 24 жніўня да гэтых улётак дадаліся агітацыйныя плакаты алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Багдановіча. Таксама ў гэты ж дзень на шэрагу аб’ектаў у гарадскім пасёлку былі вывешаны надрукаваныя па замове акруговай камісіі агульныя перадвыбарчыя плакаты “Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89”. На плакатах размешчаны фотаздымкі кандыдатаў у дэпутаты па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89 і іх біяграфічныя дадзеныя.

Глуск. Кандыдаты ў дэпутаты.

Як адзначае праваабаронца з Глуска Ігар Кірын, перадвыбарчыя агітацыйныя пікеты ў падтрымку кандыдатаў у дэпутаты ў Глуску пакуль не праводзіліся. Адзін з кандыдатаў, алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч прыняў удзел у закрыцці раённага турніра па футболу сярод дзяцей і падлеткаў, пра што зрабіла вялікі матэрыял раённая газета “Радзіма”.

На гэтым тыдні ў “Радзіме” будуць апублікаваныя перадвыбарчыя праграмы трох кандыдатаў у дэпутаты – Мікалая Калтунова, Аляксандра Багдановіча і вылучэнкі ад АГП з Бабруйска Аляксандры Сьянавай. Кандыдат ад “Справядлівага свету” Мікалай Рахманаў і кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Альберт Яўменаў свае перадвыбарчыя праграмы ў рэдакцыю раённай газеты не прадставілі.

Таксама 29 жніўня ў 19-35 тэлеканал “Беларусь-3” пакажа перадвыбарчыя дэбаты кандыдатаў у дэпутаты па Асіповіцкай выбарчай акрузе №89. Праўда, для ўдзелу ў іх запісаліся толькі тры кандыдаты – Аляксандр Багдановіч, Мікалай Калтуноў і Аляксандра Сьянава.

Да актыўнага ўдзелу ў парламенцкіх выбарах жыхароў Глуска заклікалі мясцовыя актывісты БРСМ. 18 жніўня яны правялі пікет каля мясцовага кінатэатра “Арыён”. Удзельнікі пікету раздавалі жыхарам гарадскога пасёлка аркушы паперы з выявай значка БРСМ, дзяржаўнага герба і сцяга, і з тэкстам “11 верасня 2016 года выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Твой голас важны!” Таксама БРСМаўцы дарылі мінакам стужачкі з нацыянальным арнаментам.

Глуск. Пікет БРСМ за ўдзел у выбарах.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары