Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бабруйск: у кандыдатаў узніклі праблемы з адкрыццём рахункаў

Арсень Чыгір.
Арсень Чыгір.

Бабруйскі сябра БХД і кандыдат па Быхаўскай акрузе №81 Арсень Чыгір (на фота) наўрад ці паспее скарыстацца сваім рахункам, каб вырабіць агітацыйную прадукцыю.

-Я адкрываў рахунак у Бабруйскім аддзяленні "Беларусбанку". Аформіў дакументы вельмі хутка, мне сказалі, што ўсё выдатна. Але праз нейкі час апынулася, што супрацоўнікі банка перавялі грошы не на той рахунак, як мне паведамілі, у сталічны Нацбанк. Пераафармленне дакументаў зойме шмат часу, каля 10 дзён. То бок, пакуль я атрымаю грошы на рахунак, агітацыйная кампанія скончыцца. Натуральна, я буду падаваць скаргу ў "Беларусбанк", - кажа Арсень Чыгір.

Таісія Кабанчук, сябра БХД і кандыдатка па Ленінскай выбарчай акрузе № 78, таксама сутыкнулася з праблемамі падчас адкрыцця выбарчага рахунку ў "Беларусбанку".

-Рахунак я адкрывала тыдзень, давялося сутыкнуцца з шэрагам непрыемных перашкодаў. Прыйшла ў банк, напісала заяву, кажуць "прыходзьце заўтра", на наступны дзень аформілася, але грошы не паклала, бо сказалі: "па тэхнічных прычынах немагчыма, прыходзьце заўтра". Назаўтра зноў "тэхнічныя прычыны", потым ім захацелася ўбачыць маю працоўную кніжку, і гэтак кожны дзень. Грошы таксама немагчыма было пакласці хутка, бо яны кладуцца ў тры-чатыры прыёмы... Гэткая цяганіна добра папсавала мне настрой, а найперш адняла шмат часу, за які я ўжо магла б пачаць вырабляць агітацыйную прадукцыю, - кажа кандыдатка.

На сённяшні дзень у Бабруйску рахункі адкрылі сем кандыдатаў па Ленінскай акрузе - Таццяна Гутарава, Аляксандр Кісель, Ірына Рынейская, Сяргей Бялянаў, Святлана Грыцэнка, Таісія Кабанчук, Дзмітрый Чыстабаеў. Па Першамайскай акрузе рахункі адкрылі толькі два кандыдаты - Аляксандр Бабцоў і Віталь Уласевіч.  Па Сельскай акрузе рахункі адкрылі  тры кандыдаты - Ігар Кананчук, Андрусь Архіпенка і Марыя Сушчанка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары