Газета “Віцьбічы” перарабляе крытычныя каментары пра выбары на станоўчыя
На сайце віцебскай гарадской газеты “Віцьбічы” ёсць дзве рубрыкі, прысвечаныя выбарчай кампаніі. Адна з іх – інфармацыйная: тут згрупаваны матэрыялы пра ход кампаніі ў рэгіёне. Другая – нібыта прызначаная для зваротнай сувязі і мае адпаведную назву “Чаго вы чакаеце ад новага складу Палаты прадстаўнікоў?”
Пад рубрыкай “Чаго вы чакаеце ад новага складу Палаты прадстаўнікоў?” размешчаны ўсяго адзін артыкул пад аднайменнай назвай. Аўтары пацікавіліся меркаваннямі не шараговых гараджан, а дзяржаўных службоўцаў – прарэктара адной з ВНУ, начальніка віцебскай гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, старшыні гарадскога аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А таксама думкамі намесніка старшыні гарадскога савета ветэранаў і ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, сфармуляванымі ў артыкуле наступным чынам: “Депутатский корпус республики зарекомендовал себя с наилучшей стороны. Мы привыкли к тому, что в национальном парламенте работают люди компетентные и неравнодушные к судьбе страны, к своим избирателям. Очень важно, чтобы такими же качествами обладали и депутаты шестого созыва. Впрочем, это во многом зависит от нас, избирателей”.
Можна было б засумнявацца, ці насамрэч спадарыня паважнага веку так віртуозна валодае стылем маўлення чыноўніка з вялікім стажам выступаў “за трыбунай”. І замест пошукаў адказу на гэтае пытанне жыхарка Віцебску вырашыла паэксперыментаваць, ці надрукуе газета звычайны “голас народа”.
Маці траіх дзяцей, якая вырашыла падпісаца проста – “Мама”, паспрабавала скарыстацца магчымасцю і распавесці пра свае чаканні ад будучых дэпутатаў. Аднак высветлілася, што тэхнічнымі магчымасцямі сайта гэта не прадугледжана. Заставалася адно – пакінуць каментар да згаданага вышэй артыкула. Апавядае спадарыня Алена:
“Я даслала каментар прыкладна такога зместу: “Жду, что они будут создавать законы на благо народа, а не для себя лично. И жду, что они будует настоящими слугами народа, а не дармоедами». Нічога абразлівага ў маіх словах не было, і я выказала меркаванне, неаднаразова мною чутае і ад іншых людзей… Як толькі я даслала свой каментар, як прыйшло паведамленне, што яго будзе глядзець мадэратар. Ужо тады ў мяне закраліся сумневы, ці будуць надрукаваныя мае словы. Але вырашыла не пераймацца: няхай, думаю, мадэрацыя будзе, раптам нехта напіша нейкае брыдкаслоўе ці лаянку… Насамрэч аказалася, што мадэратар проста перайначыў мае словы, выкінуўшы лішнія, на ягоную думку, словы. Атрымалася такое: “Жду, что они будут создавать законы на благо народа и настоящими слугами народа”.
Замест незадаволенага атрымаўся ўхвальны каментар, адзначае спадарыня, якая хацела скарыстацца нібыта дэмакратычнай прапановай газеты і сваім правам на свабоду думкі і выказванняў. На дадзены момант – ён увогуле адзіны. Ці то чытачы “Віцьбічаў” не давяраюць газеце сваіх думак, ад пачатку не паверыўшы ў тое, што іх надрукуюць. Ці ўвогуле не разумеюць “фармату” прапановы: з аднаго боку, газета нібыта заклікае адгукнуцца, распачаўшы асобную рубрыку, а з другога – зрабіць гэта праблематычна і з тэхнічнага боку, і праз праблему цэнзуравання каментароў.
Да слова, віцебская абласная газета “Витебские вести“ увогуле адключыла магчымасць для каментавання шэрагу артыкулаў на сайце, у тым ліку і на выбарчую тэматыку.