Кандыдатка, на якую СМІ “рабілі стаўку” як найверагоднейшую пераможцу, знялася з выбараў у Магілёве
Адзіная беспартыйная кандыдатка ў дэпутаты па Магілёўскай сельскай акрузе №88 Наталля Тарасенка адмовілася ад удзелу ў выбарах.
Пра зняццё Тарасенкай сваёй кандыдатуры сёння на старонках газеты Магілёўскага гарвыканкама "Веснік Магілёва" паведаміў старшыня акруговай камісіі №88 Валерый Яленскі.
Наталля Тарасенка, якая працуе намесніцай дырэктара па выхаваўчай працы Кадзінскай сярэдняй школы, беспартыйная, была вылучана шляхам збору подпісаў. За яе падпісалася амаль тры тысячы чалавек.
Адметна, што некаторыя незалежныя СМІ, робячы прагнозы вынікаў выбараў, указвалі менавіта на Тарасенку, як найверагоднейшую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў.
Цяпер у Магілёўскай сельскай акрузе №88 склалася невялічкая інтрыга, калі няма адназначна праўладных кандыдатаў. Сярод кандыдатаў сябра партыі левых "Справядлівы свет" Аляксандр Ірхо, сябра Беларускай патрыятычнай партыі, кіроўца Аляксандр Какарэнка, сябра БСДП (Грамада) Зміцер Люнтоў, сябра Партыі БНФ Мікалай Мяцеліца, сябра АГП Уладзімір Шанцаў і намеснік старшыні ЛДП Анатоль Хішчанка. Як бачна з пераліку, выбары ў акрузе будуць праходзіць сярод выключна партыйных кандыдатаў.
А. Хішчанка, які пражывае ў Мінску, згодна яго агітацыйнага расповяду ў сённяшнім "Весніку Магілёва", раней абіраўся дэпутатам абласнога савета. Праўда, там не паведамляецца, што гэты абласны савет быў Мінскім. У 2012 годзе ён ужо ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў як кандыдат у дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе №96 зноў жа ў Мінску. Таму цяжка зразумець, якое дачыненне мае Хішчанка да Магілёўскай вобласці ўвогуле, і чаму ён, згодна расповяду ў тым жа "Весніку Магілёва", быў дэлегатам пятага Усебеларускага сходу менавіта ад гэтага, як піша кандыдат "нашага", рэгіёна.
Анатоль Хішчанка быў вылучаны адразу трыма шляхамі - ён сабраў больш за 4,5 тысячы подпісаў выбаршчыкаў, за яго вылучэнне прагаласаваў працоўны калектыў (праўда, не паведамляецца, які), а таксама ён ідзе як партыйны вылучэнец.