Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Лунінецкім раёне Леаніду Дубаносаву перашкаджаюць весці агітацыйную кампанію

Агітацыйны плакат Леаніда Дубаносава.
Агітацыйны плакат Леаніда Дубаносава.

Леанід Дубаносаў быў вылучаны кандыдатам у дэпутаты па Лунінецкай выбарчай акрузе №13 шляхам збору подпісаў грамадзян, а таксама ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Акрамя Дубаносова па гэтай выбарчай акрузе былі зарэгістраваны дырэктар філіяла будаўнічай арганізацыі з Мікашэвічаў Аляксандр Дудзіч, кіраўнік гранітнага кар’еру “Мікашэвічы” РУП “Граніт” Юрый Сушко (абодва вылучаны працоўнымі калектывамі), а таксама галоўны лекар Лунінецкай цэнтральнай раённай бальніцы Ігар Невар (вылучаны шляхам збору подпісаў).

Цікава, што з усіх кандыдатаў у дэпутаты па акрузе №13 толькі Леанід Дубаносаў пагадзіўся звярнуцца да выбаршчыкаў праз эфір радыё (гэты выступ будзе раніцай 2 верасня) і на тэлеканале “Беларусь 3” (выступ запланаваны ўвечары 25 жніўня). Астанія прэтэндэнты ад такіх зваротаў адмовіліся.   

Разам з тым Леанід Дубаносаў распавёў пра тое, што яму забаранілі сустракацца з выбаршчыкамі ў вызначаных для гэтага месцах. У прыватнасці, у вёсцы Кажан-Гарадок кіраўнік справамі мясцовага сельвыканкама Галіна Малафейчык не дазволіла такую сустрэчу, спаслаўшыся на тое, што з жыхарамі вёскі ўжо гутарыць галоўны лекар раёна (канкурэнт Дубаносава). У выніку размовы з вяскоўцамі прадстаўнік БСДП(Г) ладзіў прыватным чынам, бо самі людзі падыходзілі да кандыдата і распачыналі дыскусіі.   

Леанід Дубаносаў таксама паведаміў, што фактычна ў Лунінецкім раёне зараз прадстаўленыя толькі яго агітацыйныя матэрыялы, аднак невядомыя асобы знішчаюць гэтыя плакаты, калі яны з’яўляюцца ў агульным доступе. Кандыдат лічыць, што робіцца гэта свядома з маўклівай згоды ўладаў, бо ім не да спадобы актыўнасць Дубаносава падчас цяперашняй выбарчай кампаніі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары