Уладзімір Кацора правёў у Гомелі сустрэчы з выбаршчыкамі і зняў сваю кандыдатуру (фота)
23 жніўня кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе №32, сябра АГП Уладзімір Кацора правёў дзве сустрэчы з выбаршчыкамі – у будынку сярэдняй школы №57 і Доме культуры «Гомсельмашу».Папярэдне, па словах кандыдата, у мікрараёне «Сяльмашаўскі» былі распаўсюджаны больш за 30 тысяч улётак з паведамленнем аб сустрэчах. На мерапрыемстве ў школе прысутнічалі каля 50 чалавек, у ДК – каля сотні.
Уладзіміру Кацоры і яго камандзе былі зададзены шэраг пытанняў, асноўныя з якіх тычыліся сацыяльных гарантый, якія не выконваюцца дзяржавай, лёсу прамысловага гіганту «Гомсельмаш» і шляхах яго рэфармавання, палітычных і эканамічных праблем.
Напрыклад, пра магчымыя шляхі выйсця з эканамічнага крызісу, у якім апынулася Беларусь, спытаўся, падаўшы цыдулку на сцэну, чалавек, які прадставіўся «Абывацелем». «Калі вы абывацель, то мой адказ такі – прыстасоўвайцеся. Калі б вы былі грамадзянінам, я бы сказаў – аб'ядноўвайцеся і змагайцеся за свае правы. Калі вы абывацель-пенсіянер, то маліцеся на Лукашэнка, каб не забраў у вас апошнія капейкі – пенсію вашу, а калі вы абывацель малады – то напэўна вам варта з'язджаць у іншую краіну», - патлумачыў кандыдат.
Жанчына, якой, па яе словах, амаль дзевяноста гадоў, патрабавала ад кандыдата і яго каманды канкрэтных прапаноў па выйсцю з эканамічнага тупіку. «Таксама вы заклікаеце не ісці на выбары – гэта няправільна, трэба наадварот клікаць людзей ісці на ўчасткі! Вы кажаце пра пікеты – а пікеты да дабра не даводзяць! Гаварыце канкрэтныя прапановы!», - патрабавала пенсіянерка.
На пытанне жанчыны адказаў дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Аляксандр Сасноў. «Чаму мы не прапаноўваем шляхоў выйсця з крызісу? Гэта калі б Гітлер на апошніх днях вайны сабраў бы сваіх генералаў і спытаўся: ну што будзем рабіць далей? А дзе ты раней быў? І дзе былі вы, калі ў 1994 годзе прагаласавалі за папуліста, які не выконвае свае абяцанні, і працягвалі далей за яго галасаваць? Вы ж галасавалі за правадыра, які сказаў, што ён не павядзе народ за цывілізаваным светам – і не павёў? А зараз вы ў нас патрабуеце шляхі вырашэння праблем? Я ведаю шлях вырашэння – хай кіраўнік дзяржавы ідзе ў адстаўку, разам са сваёй зграяй», - прапанаваў Аляксандр Сасноў.
Уладзімір Кацора дадаў, што ён сам, адзін не ў стане нешта змяніць, а вось пры падтрымцы людзей здолеў бы, каб яны сталі побач. «Мы, гомельская апазіцыя, ужо дзесяць гадоў на розныя выбары праводзім кампанію «Скажы Лукашэнку не!», - і ўсё законна, нам гэта дазваляе Выбарчы кодэкс. Мне, як апазіцыянеру, ніхто з вас грошы не плаціць, і заробак, і па вялікаму рахунку я перад вамі адказнасці не нясу, я сам на сябе добраахвотна ўзваліў гэты воз, назваўся апазіцыянерам, і зараз не скарджуся, калі мяне садзяць на суткі, а такое было, і не адзін раз», - распавёў кандыдат.
На пытанне - як адмяніць дэкрэт аб дармаедах, Уладзімір Кацора адказаў так: станьце прэзідэнтам і адмяніце дэкрэт, ці збярыце на плошчы 100 тысяч чалавек – і нарматыўна-прававы акт будзе адменены.
На сустрэчы ў ДК палітык заявіў, што здымае сваю кандыдатуру, бо выбараў няма, а сябраў АГП не ўключылі ў тым складзе, які прапаноўваўся, ва ўчастковыя камісіі.
«У Беларусі ёсць толькі адна магчымасць адносна свабодна пагаварыць з людзьмі, данесці свае меркаванне аб сітуацыі ў дзяржаве — гэта выбары. Канечне, мы і паміж так званымі выбарамі працуем, але тут магчымасцяў было больш, і мы стараліся па максімуму іх выкарыстаць. Мы размаўлялі з людзьмі на пікетах па збору подпісаў, і на такіх сустрэчах з выбаршчыкамі, вывучалі грамадскае меркаванне. Сустрэчамі я задаволены, бо няма таго, як раней, калі прыхільнікі дзейснай улады паводзілі сябе вельмі нахабна і стараліся сарваць сустрэчы. Мы ўбачылі, што людзі ў роспачы зараз, яны і хочуць перамен, і не вераць, што нешта можна змяніць, і не бачаць свайго ўдзелу ў тым, каб наблізіць перамены», - адзначыў Уладзімір Кацора.
Такім чынам, без яго на Сяльмашаўскай акрузе застаюцца чатыры кандыдаты – праўладны, ад партый БНФ, ЛДПБ і БСДПГ.