Акруговая камісія не ўбачыла ў дзеяннях памочніка прэзідэнта парушэння закона (дакумент)
Акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 заклікала кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Дзмітрыя Гобарава і Рыгора Кастусёва выконваць Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь.
Адпаведнае рашэнне было прынятае на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі 23 жніўня. На пасяджэння камісіі разглядалася заява Рыгора Кастусёва аб парушэнні выбарчага заканадаўства памочнікам прэзідэнта – галоўным інспектарам па Брэсцкай вобласці Дзмітрыем Гобаравым.
На пасяджэнні камісіі, якое распачалося ў 14-00, прысутнічаў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Гобараў і дзве давераныя асобы Рыгора Кастусёва – Пётр Мігурскі і Аляксандр Грудзіна.
Сам Рыгор Кастусёў не змог прыняць удзелу ў пасяджэнні, бо на 15-00 у Магілёве на “Радыё Магілёў” быў запланаваны запіс яго перадвыбарчага выступу.
Па словах Пятра Мігурскага, Дзмітрый Гобараў знаходзіўся ў пакоі акруговай камісіі разам з яе членамі яшчэ за 20 хвілін да пачатку пасяджэння. Падчас свайго выступу на пасяджэнні Дзмітрый Гобараў адрынуў усе абвінавачванні Кастусёва на свой адрас. Памочнік прэзідэнта патлумачыў, што ён знаходзіцца ў адпачынку, і ў свой вольны час можа наведваць любыя мерапрыемствы, таму ён і прысутнічаў 15 жніўня на нарадзе з удзелам кіраўніка краіны ў Брэсцкай вобласці.
Дзмітрый Гобараў таксама назваў паклёпам сцвярджэнне Кастусёва, што ён выкарыстоўваў сваё службовае становішча падчас наведвання Магілёўшчыны ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 16 жніўня.
Члены камісіі спрыяльна аднесліся да выступу Дзмітрыя Гобарава і не падтрымалі прапанову Пятра Мігурскага аб аб адмене рэгістрацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў сувязі з парушэннем ім выбарчага заканадаўства.
У той жа час з боку камісіі прагучалі крытычныя заўвагі на адрас Рыгора Кастусёва, які, нібыта, сам са спазненнем прадаставіў у акруговую камісію даведку з месца працы аб тым, што ён сапраўды знаходзіцца ў адпачынку. Таксама чальцы камісіі звярнулі ўвагу на той факт, што Кастусёў да гэтага часу не прадаставіў у акруговую камісію графік сваіх сустрэч з выбаршчыкамі.
Па выніках пасяджэння акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 заклікала абодвух кандыдатаў, Дзмітрыя Гобарава і Рыгора Кастусёва, выконваць Выбарчы кодэкс. Рашэнне камісіі ў пісьмовым выглядзе кандыдаты ці іх давераныя асобы змогуць атрымаць заўтра.
Пасля прыняцця гэтага рашэння Аляксандр Грудзіна і Пётр Мігурскі пакінулі пасяджэнне камісіі, а Дзмітрый Гобараў застаўся ў памяшканні выбарчай камісіі разам з яе чальцамі.
Кандыдат у дэпутаты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначыў, што нейкія канкрэтныя каментары наконт рашэння акруговай выбарчай камісіі і сваіх далейшых дзеянняў ён будзе даваць толькі пасля атрымання на рукі пісьмовага рашэння камісіі.
Разам з тым Рыгор Кастусёў рашуча абвяргае заяву Гобарава аб паклёпе на яго адрас.
“Гэтыя людзі ў такой ступені паверылі ў сваю беспакаранасць, у тое, што Законы пішуцца не для іх, што ўжо не здольны адэкватна ацэньваць свае паводзіны. Таму Дзмітрый Гобараў і лічыць, што ён можа рабіць усё, што заўгодна, падчас выбарчай кампаніі, і гэта не будзе кваліфікавана, як выкарыстанне службовага становішча”, - кажа Рыгор Кастусёў.