У Гродне не задаволілі апошнюю скаргу на нерэгістрацыю кандыдатам
У Гродне 22 жніўня была разгледжана апошняя скарга на нерэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты. Суддзя абласнога суду Людміла Малючок прыняла рашэнне не на карысць заяўніка – Паўла Станеўскага, кіраўніка абласной арганізацыі Беларускай Партыі левых “Справядлівы свет”.
Павел Станеўскі не быў зарэгістраваны акруговай выбарчай камісіяй Гродненскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №51 кандыдатам. Фармальнай прычынай стала тое, што ён не прадставіў копіі ўсіх дакументаў, якія пацвярджаюць звесткі аб адукацыі. Пры тым ён падаў дакумент аб атрыманні сярэдняй адукацыі, але не пацвердзіў наступную адукацыю. На рашэнне АВК Станеўскі падаў скаргу ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, аднак абласная камісія 15 жніўня таксама яго не зарэгістравала кандыдатам. Пасля гэтага Станеўскі звярнуўся ўжо ў абласны суд. Сваю выніковую нерэгістрацыю Павел Станеўскі тлумачыць празмернай бюракратызацыяй выбарчага працэсу і фармальным падыходам камісій і суду да яго сітуацыі.
Такім чынам у Гродне ў абласным судзе завяршыўся разгляд усіх пададзеных скаргаў на нерэгістрацыі. Частка з іх была задаволена – кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістраваныя Сяргей Мякека, Максім Штэйнвальд, Антон Вайцехаў. Частку прэтэндэнтаў – згаданага Паўла Станеўскага, Мікалая Саляніка, актывіста БХД, які вылучаўся ад парты АГП, Вадзіма Лявона (вылучаўся шляхам збору подпісаў) не зарэгістравалі кандыдатамі.