Рашэнні падмянілі адказамі
Назіральнік з Баранавічаў Сяргей Гоўша так і ня змог на ўласныя вочы пабачыць працэс праверкі подпісаў членамі выбарчай камісіі.
"Берасцейская Вясна" паведамляе, што назіральнік яшчэ 26 ліпеня 2016 года звяртаўся з заявай ў акруговую выбарчую камісію Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 з просьбай даць яму магчымасць прысутнічаць пры праверцы падпісных лістоў. 29 ліпеня ён атрымаў адказ з акруговай выбарчай камісіі, што задаволіць ягоную просьбу не магчыма, што згодна артыкула 67 Выбарчага кодэкса гэтую працу ажыццяўляюць толькі сябры акруговай выбарчай камісіі.
Ня згодны з такім адказам назіральнік звярнуўся са скарга ў Брэсцкую абласную камісію, але чарговая скарга таксама засталася без задавальнення. Гэтым разам абласная камісія спаслалася на артыкул 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Сяргей Гоўша перакананы, што нядопуск назіральнікаў да працэса праверкі подпісаў парушае артыкул 65 Канстытуцыі і артыкул 13 Выбарчага кодэкса, якія абвяшчаюць правядзенне выбараў адкрытымі і галоснымі. І назіральнік звярнуўся ў Цэнтральную Выбарчую Камісію Рэспублікі Беларусь па выбарам і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ЦВК), якую прасіў адмяніць рашэнні папярэдніх выбарчых камісій і праводзіць Парлампенцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам.
8 жніўня ЦВК разглядзела скаргу і прыйшла да высновы, што патрабаванні назіральніка што да «... праверкі подпісаў у падпісных лістах не заснавана на законе. Артыкул 13 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які змяшчае пералік паўнамоцтваў наглядальнікаў, і артыкул 67 гэтага Кодэкса, які вызначае працэдуру праверкі подпісаў акруговай камісіяй, не прадугледжваюць такога права наглядальніка. Пра гэта Вам паведамілі ў адказах на Вашы заяву і скаргу вышэй названыя акруговая і абласная выбарчыя камісіі.
Такім чынам, Ваша скарга з’яўляецца неабгрунтаванай.
Адначасова звяртаем Вашу ўвагу, што ставіць пытанне аб адмене рашэнняў названых выбарчых камісій таксама беспадстаўна, таму што рашэнняў па Вашых зваротах імі не прымалася, а былі накіраваныя неабходныя адказы.»