Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Скарга Рыгора Кастусёва на кандыдата -- памочніка прэзідэнта згубілася

Рыгор Кастусёў.
Рыгор Кастусёў.

22 жніўня давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рыгора Кастусёва Дзмітрый Антончык наведаў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90, каб даведацца, якія ж меры камісія збіраецца прыняць у адносінах кандыдата ў дэпутаты Дзмітрыя Гобарава.

Нагадаем, што 17 жніўня Рыгор Кастусёў паскардзіўся ў ЦВК на тое, што памочнік прэзідэнта – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў выкарыстоўвае сваё службовае становішча, не сыйшоўшы ў адпачынак, як таго патрабуе беларускае заканадаўства.

Яшчэ 18 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына па электроннай пошце даслала адказ Кастусёву, у якім паведаміла, што яго зварот “аб парушэнні выбарчага заканадаўства кандыдатам у дэпутаты Гобаравым Д. Д. накіраваны для разгляду ў акруговую выбарчую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90”.

Старшыня акруговай камісіі Аляксандр Гурынаў 22 жніўня, між тым, запэўніў Дзмітрыя Антончыка, што ніякіх лістоў з ЦВК адносна скаргі Кастусёва не паступала.

Пытанне аб тым, дзе ж падзелася скарга Кастусёва і куды яна была накіраваная для разгляду старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, пакуль застаецца без адказу.

Па словах Дзмітрыя Антончыка, ужо сёння, 22 жніўня, Рыгор Кастусёў накіраваў паўторны зварот на імя Лідзіі Ярмошынай у Цэнтральную выбарчую камісію. Таксама палітык звярнуўся з адпаведнай заявай у Генеральную пракуратуру.

Давераная асоба кандыдата ў дэпутаты кажа, што Рыгор Кастусёў мае намер дамагацца ад ЦВК адказу на свой зварот. Таксама Кастусёў будзе патрабаваць адмены рэгістрацыі Дзмітрыя Гобарава кандыдатам у дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе №90.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары