Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: просьбу назіральніка аб галоснасці і адкрытасці выбаркам палічыў умяшальніцтвам у сваю працу

Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску
Леанід Мархотка, прадстаўнік БХК у Салігорску

Салігорская акруговая камісія акругі №68 прадаставіла незалежнаму назіральніку Леаніду Мархотку дакумент, з якога вынікае, што праца камісіі цягам ўсяго перыяду выбарчага працэсу будзе адбывацца таемным і непразрыстым рэжыме.

- Этап праверкі дакументаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты даўно мінуў, але толькі цяпер мне ўдалося атрымаць копію адказа камісіі на маю скаргу аб адзінаасобным рашэнні старшыні камісіі Святланы Радзюк адмовіць мне ў магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі. Па пошце адказ так і не прыйшоў, - кажа Леанід Мархотка. - Зрэшты, пытанне ўжо стаіць аб галоснасці, адкрытасці і празрыстаці ўсяго выбарчага працэсу. Пасля адказу па сутнасці, ужо пасткрыпутмам камісія дадае, што магчымасць знаёміцца з дакументамі і матэрыяламі па выбарах агулам “з’яўляецца выключанай кампетэнцыяй сяброў камісіі” і не ўваходзіць у “вычарпальны пералік правоў назіральнікаў”.

Спадар Мархотка лічыць, што такая пазіцыя выбаркаму супярэчыць не толькі духу, але і літары выбарчага заканадаўства:

- Самая ж перашая частка артыкула 13 Выбарчага кодэкса кажа, што падрыхтоўка і правядзенне выбараў, у тым ліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ажыццяўляецца адкрыта і галосна. Маю ж законную просьбу аб гэтай адкрытасці і галоснасці выбаркам у сваім афіцыйным адказе называе ўмяшальніцтвам у працу камісіі. А за ўмяшальніцтва ў працу выбаркаму назіральніка, як вядома, могуць пазбавіць акрэдытацыі. Таму такое нематываванае папярэджанне я схільны разглядаць як ціск на незалежнае назіранне і споспаб ухіліцца ад выканання патрабаванняў Выбарчага кодэкса аб адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу.   

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары