Слонім: размяшчэнне агітацыйных улётак ідзе з цяжкасцю
У суботу, 20 жніўня, Дзмітрый Пятруцік -- сябра ініцыятыўнай групы кандыдата ў дэпутаты па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Івана Шэгі, цэлы дзень у Слоніме займаўся размяшчэннем агітацыйных улётак кандыдата. Па словах Дзмітрыя, ён аб’ездзіў амаль увесь горад, быў на паштовых аддзяленнях, банках, аптэках і крамах, заязджаў на ўчасткі для галасавання. “Людзі, якія працуюць крамах, не супраць размясціць агітацыйныя плакаты, але без дазволу начальства баяцца гэта рабіць, -- распавядае давераная асоба кандыдата. – Плакаты толькі без праблем вывесілі ў краме “Лета” і ў дзвюх аптэках. У крамах № 2, 6, 7, 12 ад гандлёвай фірмы “Світанак” паабяцалі плакаты Івана Шэгі размясціць у панядзелак, 22 жніўня”.
На выбарчых участках Дзмітрыю Пятруціку паабяцалі, што вывесяць агітацыйныя ўлёткі не раней панядзелка, 22 жніўня. А вось на цэнтральным паштовым аддзяленні Слоніма загадчыца аддзялення сказала, што не мае права вывешваць агітацыйныя плакаты ў падтрымку Івана Шэгі. Толькі тады вывесіць, калі ёй загадае начальнік РУПС Аляксандр Трацяк. І ўсё пытанні, як сказала начальніца, да Трацяка, бо без яго дазволу ніводзін плакат не з’явіцца на паштовых аддзяленнях горада і раёна.
Разам з тым, у рашэнні Слонімскага раённага выканаўчага камітэта № 517 ад 22 ліпеня 2016 года паведамляецца пра дазвол на размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў пра кандыдатаў у дэпутаты ў крамах, паштовых аддзяленнях, аптэках і г.д.