Кандыдат ад АГП у Магілёве патрабуе звальнення дырэктара абласной друкарні
Магілёўская абласная ўзбуйнёная друкарня імя С.Собаля нарэшце пагадзілася друкаваць улёткі кандыдата ў дэпутаты па Магілёўскай сельскай акрузе №88 ад АГП Уладзіміра Шанцава.
Нагадаем, што 18 жніўня супрацоўнікі друкарні адмовіліся друкаваць агітацыйныя ўлёткі Шанцава і яго паплечніка, які балатуецца па Магілёўскай-Прамысловай выбарчай акрузе №87, Сяргея Смалякова без папярэдняга ўзгаднення.
"Пазванілі з друкарні, будуць друкаваць", - паведаміў Шанцаў. Кандыдат ў дэпутаты таксама распавёў, што звярнуўся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, каб той звольніў дырэктара друкарні.
"Такое паўтараецца не ў першы раз. Мне ўжо неаднаразова адмаўлялі ў друкаванні агітацыйных улётак на мінулых выбарах", - гаворыцца ў заяве Шанцава, адасланай Даманеўскаму.
Кандыдат бачыць у такіх дзяннях супрацоўнікаў друкарні грубыя парушэнні асноўных прынцыпаў правядзення выбараў, закладзеных у Канстытуцыі і Выбарчым кодэксе. Ён патрабуе звольніць дырэктара друкарні "за сістэматычныя грубыя парушэнні Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь на прадпрыемстве".