Светлагорск: ЦВК прапанаваў акруговай камісіі ўсё ж “не рэзаць” біяграфію кандыдата Юрыя Ляшэнкі
19 жніўня кандыдат у дэпутаты па Светлагорскай акрузе Юрый Ляшэнка атрымаў тэлефанаванне з акруговай камісіі з абяцаннем, што ўсё ж біяграфія яго для агульных плакатаў выйдзе з тымі звесткамі, якія ён прадставіў пра сябе. Раней акруговая камісія адмаўлялася друкаваць цалкам яго біяграфію, бо палічыла яе... піярам. Сябры камісіі адзначылі, што «біяграфія не павінна адрознівацца ад біяграфій іншых кандыдатаў». Ім не спадабаўся пералік грамадскіх пасад і актыўнай дзейнасці Юрыя Ляшэнкі па стварэнні новых працоўных месцаў у раёне, абароне правоў інвалідаў, захадах па адстойванні інтарэсаў мясцовых жыхароў у барацьбе з чыноўнікамі, змаганні супраць будаўніцтва шкоднай вытворчасці ў горадзе. Кандыдат абурыўся такімі дзеяннямі камісіі, бо не лічыць, што людзі павінны мець «аднолькавыя біяграфіі», і накіраваў скаргу ў ЦВК.
19 жніўня ён атрымаў з ЦВК адказ, што акруговай камісіі прапанавана ўключыць у агульны плакат «указаныя вамі звесткі біяграфічнага характару». «ЦВК раіць выбарчым камісіям пры падрыхтоўцы тэксту плакату ўлічваць, перш за ўсё, інтарэсы выбаршчыкаў, гэта значыць прадстаўляць інфармацыю, якая дазволіць ім скласці аб’ектыўнае ўяўленне аб кандыдатах», - адзначана ў адказе з ЦВК.
Разам з тым, праўладны кандыдат па дадзенай акрузе, дзейсная дэпутатка ПП НС Галіна Філіповіч сумяшчае агітацыю з канцэртамі. «Праўладная кандыдатка са Светлагорску сп. Філіповіч Г. В. пабывала сёння, 19 жніўня, на двух «святах вёскі» - у Прудку і Маісееўцы. Выступала там перад вяскоўцамі. А разам з ёй у вёсках Прудок ды Маісееўка выступалі і мясцовыя артысты, якіх заслаў туды аддзел ідэалагічнай работы і культуры. Цікава, а калі астатнія чацвёра кандыдатаў будуць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, ім таксама будуць артыстаў «выдаваць» у аддзеле ідэалогіі і культуры?», - напісала ў Facebook назіральнік Алена Маслюкова.