Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Мазыры заўважна актыўнасць пакуль толькі праўладнага кандыдата

Мазыр. Агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты Мікалая Расохі.
Мазыр. Агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты Мікалая Расохі.

У Мазыры пакуль заўважна актыўнасць толькі праўладнага кандыдата – дзеючага дэпутата ПП НС Мікалая Расохі. Па словах назіральніка Уладзіміра Целепуна, рэгістрацыя кандыдатаў адбылася 10 жніўня, назаўтра, 11 жніўня, акруговая камісія зарэгістравала давераных асоб і прадстаўніка па фінансавых пытаннях кандыдата Расохі, а ўжо 15 жніўня давераная асоба дадзенага кандыдата Аляксандр Пархоменка (старшыня Мазырскай раённай арганізацыі прафсаюзаў) разам са сваімі падначаленымі праводзіў пікет і раздаваў агітацыйныя матэрыялы. На шыльдах Дамоў культуры, на участках ужо ёсць каляровыя плакаты з біяграфічнымі і рэкламнымі тэзісамі кандыдата.

«Вось гэта аператыўнасць - за такі кароткі тэрмін складзены і заключаны дамовы з банкам па адкрыцці рахунка выбарчага фонду, з друкарняй (а друкарня так аператыўна надрукавала) і ўжо вывешаныя па ўчастках і раздаюцца агітацыйныя матэрыялы кандыдата Мікалая Расохі», - здзіўляецца назіральнік.

Разам з тым, на сайце Мазырскага райвыканкаму толькі 19 жніўня з’явілася інфармацыя аб паступленні і расходаванні грашовых сродкаў, якія знаходзяцца на спецыяльных выбарчых рахунках. Па паведамленні на сайце райвыканкаму, «на асабісты выбарчы рахунак Мікалая Расохі паступіла 870 рублёў, грашовыя сродкі не расходаваны».

Уладзімір Целяпун наведаў адну з сустрэч кандыдата Мікалая Расохі з выбаршчыкамі, якая прайшла ў Доме культуры і на якой было восем чалавек – разам з кандыдатам, яго даверанай асобай, назіральнікам, адказным за гук у ДК супрацоўнікам, дзяжурнай ва ўчастковай камісіі, вахцёрам. Прыйшлі і дзве маладыя жанчыны. Разам з тым, на сустрэчу у Доме цыркавога мастацтва «Арэна» з кандыдатам ад ЛДП Іванам Шабаном прыйшоў адзін толькі назіральнік.

Мазыр. Агітацыйныя сустрэча з выбаршчыкамі кандыдата ў дэпутаты Мікалая Расохі.

Уладзімір Целяпун тлумачыць такую «палітычную актыўнасць», якая імкнецца да нуля, таксама шэрагам аб’ектыўных прычын: лета, час адпачынкаў, ды і ў Доме цыркавога мастацтва «Арэна» (месцы, вызначаным для сустрэч з выбаршчыкамі) праводзяцца рамонтныя работы. «Цэнтральны ўваход зачынены, самі абвесткі з графікам пра дату і час сустрэч кандыдатаў з выбаршчыкамі друкуюць толькі для гэтага месца, і яны маюць вельмі малы фармат, наклеены на дзвярах каля самага уваходу», - дадаў назіральнік.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары