Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гомельская вобласць: мінус сем кандыдатаў

У Гомельскай вобласці паменела на сем кандыдатаў у дэпутаты. Зараз застаецца 67 кандыдатаў (на 17 акругаў рэгіёну). Так, у Жлобінскай акрузе №40 адмовілася ад далейшай барацьбы за мандат Наталля Сількевіч, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сябра РППіС (Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці).

Па Жлобінскай акрузе засталіся чатыры кандыдаты: сябра АГП Марат Афанасьеў, сябра партыі левых «Справядлівы свет» Яўген Басарэўскі, беспартыйны, галоўны спецыяліст па сталеплавільнай вытворчасці ААТ «БМЗ» Вячаслаў Дз’ячэнка, сябра ЛДП, настаўніца дзіцячай школы мастацтваў Лілія Зазян.

Па Хойніцкай акрузе №47 адмовілася быць далей кандыдатам старшыня мясцовай суполкі БРСМ Людміла Гаркуша. Зараз на Хойніцкую акругу – пяць кандыдатаў. Гэта сябра АГП Аляксей Атрошчанка, беспартыйны электрамантажнік Алег Казлоў, сябра партыі «Справядлівы свет» Мікалай Стешыц, сябра ЛДПБ Дзяніс Чуянаў і дзейсная дэпутатка ПП НС Святлана Чэкан.

Па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33 не будзе балатавацца сябра КПБ, намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства «Гарант» Андрэй Ляшэнка. Яго аднапартыец адмовіўся балатавацца па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31, а яшчэ раней, да пачатку рэгістрацыі, адклікала сваю заяву сябра КПБ, старшыня абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа Ала Смаляк. Яна падавала дакументы на рэгістрацыю кандыдатам па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе.

Па Гомельскай-Савецкай акрузе зняўся з выбараў сябра АГП Віталь Юрчанка, па Светлагорскай — сябра ЛДПБ Павел Ківадла. Так, па Светлагорскай акрузе зараз балатуюцца пяць чалавек: сябра «Справядлівага свету» Сяргей Дайнека, сябра АГП, прадпрымальнік Анатоль Змітровіч, прадпрымальнік, сябра партыі «Зялёныя» Юрый Ляшэнка, беспартыйны, дырэктар прыватнага прадпрыемства Эдуард Саранчук і дзейсная дэпутатка ПП НС Галіна Філіповіч.

Па Гомельскай-Сельскай акрузе №37 адмовілася змагацца за мандат беспартыйная, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вікторыя Ладуцька. Зараз на дадзенай акрузе — тры кандыдаты: сябра партыі левых «Справядлівы свет» Уладзімір Сякерка, сябра ЛДПБ Дзяніс Юшчанка і дзейсная дэпутатка ПП НС Ала Навумчык.

Па Буда-Кашалёўскай акрузе №38 ад пачатку кампаніі было і засталіся зараз два кандыдаты: начальнік упраўлення аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Васількоў і сябра РППіС, дырэктар прадстаўніцтва «Белдзяржстрах» Уладзімір Рыжы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары