Агітацыйную кампанію ў Магілёве заўважыць немагчыма, лічыць назіральнік
Больш чым праз тыдзень пасля рэгістрацыі кандыдатаў і пачатку агітацыйнай кампаніі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, заўважыць нейкую перадвыбарчую актыўнасць у Магілёве немагчыма, сцвярджае незалежны назіральнік у акруговай камісіі Магілёўскай-Цэнтральный выбарчай акругі №85 Аляксей Колчын.
"Дзе ж можа быць заўважнай агітацыйная кампанія, калі кандыдат нават не можа ўлёткі надрукаваць? Пакуль гэтая кампанія абсалютна незаўважная. Тут ёсць хібы і саміх кандыдатаў. У маёй 85-й акрузе яшчэ ніхто не падаў ніякіх заявак на правядзенне выбарчых мерапрыемстваў ці сустрэч з выбарчыкамі. Час ідзе, да выбараў тры тыдні засталося, і гэта ўжо варта было б рабіць", - кажа Колчын.
Паводле яго, умовы агітацыі, усталяваныя сённяшнім заканадаўствам, дастаткова жорсткія і не дазваляюць праводзіць яе так, як агітацыя праводзіцца амаль ва ўсіх краінах свету. "У нас, калі чалавек прыедзе зараз і пры гэтым не ведае, што тут адбываюцца выбары, ён і не даведаецца аб гэтым. Можа, толькі калі расцяжку прачытае ў цэнтры Магілёва", - адзначае назіральнік. Ён лічыць, што цяперашняя кампанія ўвогуле не нагадвае сапраўдныя выбары. "Гэта нейкая руцінная працэдура па прызначэнні новых функцыянераў у орган, які ў нас называецца парламентам", - сцвярджае Аляксей Колчын, падкрэсліваючы, што захоўваецца поўны кантроль выканаўчай улады над выбарчым працэсам.
"Што тычыцца парушэнняў заканадаўства, то яны не такія відавочныя, што з імі можна пайсці ў суд. Ёсць выпадкі, калі на кандыдатаў ціснулі на працы, і яны здымалі свае кандыдатуры", - кажа Колчын.
Як відавочнае парушэнне ён нагадвае ўчарашні выпадак з кандыдатам ад АГП Уладзімірам Шанцавым, у якога друкарня не ўзяла друкаваць улёткі без узгаднення з акруговай камісіяй. "Відавочна, што друкарня ўзяла на сябе функцыі нейкага органа, маючага права на нейкую цэнзуру перадвыбарчых улётак", - гаворыць назіральнік.
У магілёўскіх назіральнікаў пакуль толькі ўскосныя дадзеныя аб выкарыстанні адміністрацыйнага рэсурсу праўладнымі кандыдатамі. "Гэта тычыцца колькасці сабраных подпісаў за праўладных кандыдатаў. У іх неверагодня вялікія паказчыкі. У маёй акрузе Аляксандр Старавойтаў сабраў подпісы амаль чвэрці выбаршчыкаў. Я не ўпэўнены, што на выбарах за яго прагаласуюць столькі, колькі ён сабраў подпісаў. Я абсалюдна перекананы, што сабраць такую колькасць подпісаў без адміністрацыйнага рэсурсу немагчыма", - кажа назіральнік.
Колчын мяркуе, што ўсё гэтыя подпісы збіраліся так, як яны збіраліся на прэзідэнцкіх выбарах, "калі ў людзей забіралі пашпарты папросту на нейкіх прадпрыемствах у кадравых аддзелах і перапісвалі іх дадзеныя ў падпісныя лісты". "Я думаю, што нешта такое магло быць і зараз, таму што такая колькасць подпісаў проста неверагодная і ненатуральная", - адзначае Аляксей Колчын.
Ён абсалютна ўпэўнены ў прадказальнасці вынікаў галасавання. "Зараз мы ведаем абсалютна ўсіх кандыдатаў, якія будуць "абраныя". Нават павярхоўны погляд на спіс кандыдатаў дазваляе казаць, што гэтыя дэпутаты, якія будуць абраны ці, хутчэй, прызначаны дэпутатамі, даўно вызначаны. Што да альтэрнатыўнасці, то сапраўды на акругах шмат кандыдатаў. Гэта выглядае так - адзін праўладны кандыдат, які будзе абраны, яго дублёр, які мусіць стварыць выгляд канкурэнтнай барацьбы ў тым выпадку, калі апазіцыйныя кандыдаты ўсе разам не захочуць удзельнічаць. Ну і нарэшце ўласна апазіцыйныя кандыдаты, якія гарэзуюць, прадстаўляючы сваю палітычную партыю. Для апазіцыі гэта, відавочна, не сродак дасягнення дэпутатскага мандата, а сродак для таго, каб можна было заявіць пра сябе, пра сваю партыю, палітычную сілу нейкую, умацаваць структуры, трэніроўка і так далей", - гаворыць Колчын.