Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Брэсце кандыдат ад “Справядлівага свету” падчас тэлевыступу заклікаў вярнуць ўладу саветам дэпутатаў

Фота: tvr.by
Фота: tvr.by

“Мы даўно ўжо не абіраем ўладу - яна сама сябе прызначае. Таму самы час узгадаць, што па Канстытуцыі народ - адзіная крыніца ўлады”, - пра гэта заявіў у тэлевізійным звароце кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Аляксей Лубкоў.

Падчас выступу ў эфіры тэлерадыёкампаніі “Брэст” на канале “Беларусь 3” Лубкоў таксама адзначыў, што варта вярнуць ўладу саветам дэпутатаў і “быць гаспадарамі ва ўласным двары, горадзе, краіне”.  Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі расце беспрацоўе, павялічваюцца кошты, скарачаецца фінансаванне медыцыны і адукацыі. “Нам тлумачаць, што грошай у бюджэце не хапае. Але мы плацім падаткі, і ніхто не пытаецца ў нас, як лепш выкарыстоўваць гэтыя грошы  і чаму, атрымаўшы беларускія заробкі, амаль усё аплочваем па сусветных коштах”.

Аляксей Лубкоў не абмінуў у сваім тэлезвароце адну з самых вялікіх лакальных праблемаў для Брэста – недахоп месцаў у дзіцячых садках. Па словах Лубкова, Маскоўскі раён горада з'яўляецца лідэрам у краіне па гэтаму паказчыку, бо сваёй чаргі чакаюць каля 3 тысяч маленькіх жыхароў Брэста.

Што да цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў, дык кандыдат ад партыі “Справядлівы свет” распавёў пра вынікі апытання сярод жыхароў горада, паводле якога 90% апытаных не змаглі ўзгадаць прозвішча свайго дэпутата, а тым больш ацаніць яго працу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары