На сустрэчы з выбаршчыкамі ў Смаргоні кандыдат Адам Кавалько дзякаваў, што яго не стамляюць пытаннямі
У Смаргоні 18 жніўня для кандыдата ў дэпутаты па Смаргонскай выбарчай акрузе №59 Адама Кавалько – старшыні Астравецкага райвыканкаму – была арганізавана сустрэча з выбарцамі. Свой выступ кандыдат пабудаваў выключна на тэме будаўніцтва Астравецкай АЭС, стварэнні вакол яе інфраструктуры і выніковых выгодах. Складалася ўражанне, што Адам Кавалько ідзе не ў дэпутаты, а балатуецца на пасаду дырэктара АЭС.
Адчувалася, што на сустрэчы прысутнічаюць у асноўным работнікі дзяржаўных устаноў, адпраўленыя на яе па разнарадцы. Таму кандыдату задалі ўсяго тры пытанні.
Адказаў і на пытанне грамадзяніна не з ліку запрошаных, якое заключалася ў бачанні ролі дэпутата, якому дзяржава штомесяц плаціць каля 1200 даляраў заробку ва ўмовах, калі прэзідэнцкі ўказ ці дэкрэт маюць большую сілу, чым прыняты дэпутатамі закон. Адам Кавалько адказаў, што, маўляў, задаўшы пытанне, грамадзянін памыляецца: з ягонага вопыту дэпутата верхняй Палаты вынікае, што дэпутаты вядуць вельмі бурлівую дзейнасць. Прапрацоўка законаў можа доўжыцца да трох гадоў. А на паседжаннях камісій Палаты пры абмеркаванні законаў вядуцца вельмі гарачыя спрэчкі, ледзь не да бойкі.
Ну а асабіста Адама Кавалько ў статусе дэпутата прываблівае наступнае. Ён з’яўляецца дэпутатам верхняй Палаты і пераканаўся, што пры вырашэнні праблем на дзяржаўным узроўні статус старшыні райвыканкаму значна ніжэйшы за статус дэпутата. Вось калі ён ідзе ў нейкае міністэрства на прыём як старшыня райвыканкаму, то яго прымаюць не вельмі “гасцінна”. Ну а калі пры гэтым прад’яўляе пасведчанне дэпутата, то яму адразу ўключаюць “зялёнае святло”.
Напрыканцы сустрэчы Адам Кавалько падзякаваў прысутным за тое, што не стамлялі яго мноствам пытанняў.