Хто з кандыдатаў мае сродкі на друк агітматэрыялаў?
Агітацыйная кампанія кандыдатаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у Мінску праходзіць вяла і амаль незаўважна.
Збольшага ў нешматлікіх пікетах стаяць сябры БРСМ і ГА “Белая Русь”, а на інфармацыйных стэндах размешчаюць адну ці дзве інфармацыі пра кандыдатаў.
Нажаль, немагчыма даведацца пра колькасць сродкаў, што паступаюць на выбарчыя рахункі зарэгістраваных кандыдатаў, якія можна скарыстаць у тым ліку на друк інфармацыйных матэрыялаў. Аднак, відавочна, праўладныя кандыдаты ўсё ж знаходзяць сродкі на агітацыю.
Так, з пяці кандыдатаў, якія вылучаюцца па Усходней акрузе №107, на стэндзе размешчаныя з двух бакоў плакаты толькі камуніста Аляксея Сокала – дзеючага дэпутата Мінскага гарадскога Савета 27 склікання, першага намесніка генеральнага дырэктара “ЦУМ Мінск”. Акрамя таго, у паштовыя скрыні патэнцыйных выбаршчыкаў былі ўкінутыя ўлёткі з выбарчай праграмай кандыдата. “Вісеў” Аляксей Сокал і на дошках аб’яваў каля пад’ездаў жылых дамоў. Бо тыраж плакатаў – 700 штук, улётак – 15 000 штук.
Па Коласаўскай акрузе з васьмі кандыдатаў на ўсіх стэндах прысутнічае інфармацыя толькі пра дзеючага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Дзмітрыя Шаўцова. Пад плакатам размешчана адразу і ўлётка з выбарчай праграмай. Тыраж плакатаў – 60 штук, улётак – 30 000 штук.
Акрамя таго, сябры ініцыятыўнай групы Дзмітрыя Шаўцова на агітацыйным пікеце раздавалі налепкі “Я іду на выбары” і каляндарыкі на 2017 год з заклікам прыйсці на выбары.
Таксама па гэтай акрузе была заўважана інфармацыі і пра сябру Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Лынькову Вікторыю.
Аднак, каля “Камароўскага рынку” яе плакат быў выразаны са стэнду. Пры гэтым наклад плакатаў усяго 20 штук.
У Грушаўскай акрузе №99 на стэндах размешчана інфармацыя толькі пра таксама дзеючага дэпутата Мінгарсавета 27 склікання Людмілу Макарыну-Кібак, якая з’яўляецца фаварытам па збору подпісаў гэтай акрузе.
А на Ясенінскай акрузе №100 актыўна агітуюць за сябру Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці Аксану Гайдук.
Яшчэ адна "фаварытка" па збору подпісаў Вольга Мычко знаходзіцца ў адзіноце на стэндах Партызанскай акругі №110. Аднак, тыраж яе ўлётак складае 11 000 экзэмпляраў.
На шэрагу стэндаў ёсць толькі плакаты з інфармацыя, што выбары адбудуцца 11 верасня 2016 года. А некаторыя ўжо выкарыстоўваюцца для размяшчэння камерцыйнай рэкламы.