Гродненскі абласны суд абавязаў яшчэ аднаго прэтэндэнта зарэгістраваць кандыдатам
Гродненскі абласны суд задаволіў зварот яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты, якога не зарэгістравалі акруговая і тэрытарыяльная выбарчыя камісіі.
Акруговая камісія Дзятлаўскай выбарчай акругі №56 не зарэгістравала Антона Вайцехава, актывіста Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі кандыдатам на падставе таго, што копія даведкі з месца працы не была заверана. Антон Вайцехаў падаў адпаведную скаргу ў Гродненскую абласную камісію, аднак ТВК на сваім паседжанні яе не задаволіла. У такой сітуацыі Антон Вайцехаў звярнуўся ў абласны суд.
Суддзя Людміла Малючок у выніку судовага паседжання прыняла рашэнне прызнаць нерэгістрацыю Антона Вайцехава кандыдатам у дэпутаты незаконнай і абавязала акруговую выбарчую камісію Дзятлаўскай выбарчай акругі №56 зарэгістраваць яго кандыдатам. Такая пастанова была прынятая таму, што артыкул 66 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь не ўказвае, што копіі дакументаў, якія прадстаўляюцца для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, павінны быць завераны. На гэта на судовым паседжанні звяртала ўвагу і пракурор Алена Чарнеўская.
Раней аналагічнае рашэнне было прынятае абласным судом у дачыненні да прэтэндэнта ў кандыдаты Сяргея Мякекі. Абодва зарэгістраваныя ўрэшце кандыдаты выказалі задавальненне ў звязку з пастановай абласнога суда, але адзначылі, што незаконныя дзеянні акруговых і абласной камісій пазбавілі іх значнай часткі часу для вядзення агітацыі. А таму паставілі ў няроўныя ўмовы з іншымі кандыдатамі.