Смаргонская акруговая камісія папярэджанне аднаму кандыдату адмяніла, другому -- прыпыніла
Яшчэ ўчора Смаргонская акруговая камісія на сваім паседжанні вынесла папярэджанні двум дэмакратычным кандыдатам Івану Лагвіновічу (Партыя БНФ) і Зміцеру Кучуку (Беларуская партыя “Зялёныя”) за мяркуемае парушэнне артыкула 77 Выбарчага кодэкса. Па меркаванні камісіі, яно заключаецца ў тым, што гэтым артыкулам кандыдатам забараняецца быць занятымі на месцы працы падчас знаходжання ў гэтым статусе. Хоць артыкул 77 не ўтрымлівае абавязку кандыдата прадстаўляць камісіі нейкія пацвярджаючыя дакументы, яна вырашыла, што згаданыя кандыдаты мусілі прадставіць даведкі з месца працы.
А 18 жніўня камісія зноў сабралася, каб абмеркаваць тое ж пытанне аб папярэджаннях кандыдатам. Выявілася, што Зміцер Кучук адразу ж пасля вынясення папярэджання даслаў патрэбны дакумент. Гэтай акалічнасці стала дастаткова, каб камісія адмяніла вынесенае яму ўчора папярэджанне.
Складаней справа аказалася з папярэджаннем Івану Лагвіновічу. Суткі падумаўшы, камісія вырашыла прыняць новае, больш арыгінальнае рашэнне: прыпыніць дзеянне папярэджання кандыдату і даць яму тэрмін для прадстаўлення даведкі з месца працы. За такое рашэнне прагаласавала 5 з 9 прысутных сябраў камісіі.
Незалежны назіральнік Алесь Дзергачоў адзначае, што дзейнасць камісіі пачала мець неарганізаваны характар. Анансаваны на старонцы выбараў сайта Смаргонскага райвыканкаму парадак дня ўчорашняга паседжання не прадугледжваў разгляду пытання аб папярэджанні кандыдатам. А пра сённяшняе паседжанне на сайце ўвогуле не паведамлялася.