Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Загадчыца вясковай крамы: “Калі я павешу ваш плакат – мяне з’ядуць…”

Агітацыйны пікет у падтрымку Івана Шэгі ў вёсцы Сурынка Слонімскага раёна.
Агітацыйны пікет у падтрымку Івана Шэгі ў вёсцы Сурынка Слонімскага раёна.

Агітацыйныы пікеты ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івана Шэгі па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 пачалі з’яўляцца ў вёсках Слонімскага раёна. У чацвер, 18 жніўня, пікет пад бел-чырвона-белым сцягам быў арганізаваны каля вясковай крамы “Родны кут” у вёсцы Сурынка.

Калі кіраўнік штаба кандыдата Віктар Марчык звярнуўся да прадаўца вясковай крамы, каб прымацаваць агітацыйную ўлётку з Іванам Шэгам, жанчына спалохана адмовіла гэта зрабіць. Яна сказала, што “калі павесіць на краме плакат з Шэгам – то яе начальнікі з’ядуць ці выганяць з працы”.

У краме вёскі Сурынка Слонімскага раёна адмовіліся размясціць плакат Івана Шэгі.

Пры гэтым ёсць рашэнне Слонімскага райвыканкама № 517 ад 22 ліпеня 2016 года, у якім чорным па беламу напісана, што дазваляецца размяшчаць агітацыйныя друкаваныя матэрыялы кандыдатаў на стэндах гандлёвых арганізацый, аддзяленняў сувязі і г.д. Дарэчы, Віктар Марчык у той дзень завітаў і на Сурынскае паштовае аддзяленне, дзе загадчыца аддзялення таксама катэгарычна адмовілася размясціць друкаваны плакат кандыдата ў дэпутаты Івана Шэгі, маўляў, яна яшчэ не атрымала загаду на размяшчэнне плаката ад свайго начальства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары