Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Забяспечыць спакойную абстаноўку падчас выбараў у Бабруйскім раёне ўзялася мабільная група ідэолагаў

Бабруйск. Падчас навучання ідэалагічнага актыву раёна. Фота tribunapracy.by
Бабруйск. Падчас навучання ідэалагічнага актыву раёна. Фота tribunapracy.by

Раённыя ідэолагі вырашылі заняцца праблемамі сяльчан, каб забяспечыць спакойную абстаноўку падчас выбарчай кампаніі. Пра гэта паведамляе газета "Трыбуна працы" ў артыкуле пра семінар ідэалагічнага актыву, з назвай "Идеологическая работа в действии".

"З мэтай сацыялагічнага маніторынгу і зняцця праблем у вяскоўцаў пры райвыканкаме створана мэтавая мабільная група. Ужо адбыліся выезды ў 10 населеных пунктаў, у ходзе якіх высвятлілася, што больш за ўсё жыхароў раёна хвалююць жыллёва-камунальныя пытанні", - паведамляе раёнка.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы райвыканкаму Дзмітрый Вяроўкін адзначыў, што вялікую ўвагу трэба звярнуць на афармленне выбарчых участкаў, а таксама правядзенню тлумачальнай працы, разгляду і своечасоваму вырашэнню зваротаў працоўных. 

Выданне паведамляе, што ідэолаг праінфармаваў актыў "аб метадах вывучэння сацыяльна-псіхалагічнага клімату ў калектывах, заклікаючы своечасова выяўляць сацыяльныя групы, якія патрабуюць асаблівай увагі, і прымаць канкрэтныя меры па зняцці праблемных пытанняў", а таксама заклікаў больш цесна супрацоўнічаць з прафсаюзамі і БРСМ. Таксама, на думку Дзмітрыя Вяроўкіна, пацоўныя мусяць актыўна падпісвацца на дзяржаўныя СМІ і "раёнку", каб быць "у курсе правядзення важнай палітычнай падзеі".

Яшчэ адзін рэцэпт поспеху - адзіныя дні інфармавання. Пра гэта на семінары паведаміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы Вера Русецкая. "Многія пытанні, агучаныя падчас дзён інфармавання, вырашаюцца больш аператыўна, а людзі пераконваюцца ва ўважлівым да іх стаўленні" - цытуе "Трыбуна працы" меркаванне чыноўніцы.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары