Рыгор Кастусёў патрабуе адмены рэгістрацыі кандыдата -- памочніка прэзідэнта
Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў вечарам 17 жніўня праз электронную пошту накіраваў заяву на імя старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Копія гэтай заявы таксама была накіраваная Кастусёвым Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Аляксандру Канюку.
У заяве Рыгор Кастусёў патрабуе разгледзець на пасяджэнні ЦВК факты парушэнняў выбарчага заканадаўства іншым кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, памочнікам прэзідэнта Дзмітрыем Гобаравым, і прыняць рашэнне аб адмене рэгістрацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў сувязі з грубейшым парушэннем ім выбарчага заканадаўства.
У якасці аргументаў на карысць гэтага Кастусёў прыводзіць той факт, што пасля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты акруговай камісіяй 11 жніўня 2016 года Дзмітрый Гобараў, згодна беларускага заканадаўства, павінен быў сыйсці ў адпачынак на час выбарчай кампаніі. Аднак Гобараў гэтага не зрабіў, працягваючы выконваць свае службовыя абавязкі, выкарыстоўваючы іх і для выбарчай кампаніі.
Так, 15 жніўня 2016 года Дзмітрый Гобараў прымаў удзел у нарадах, звязаных з яго службовымі абавязкамі, падчас працоўнай паездкі кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці, што мела шырокае асвятленне ў розных СМІ і спрыяла папулярызацыі Гобарава ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Таксама Кастусёў у заяве піша, што 16 жніўня па пытаннях выбарчай кампаніі Дзмітрый Гобараў наведаў Магілёў і рэгіёны Магілёўшчыны, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча.
Нагадаем, што да свайго прызначэння ў 2013 годзе на пасаду памочніка прэзідэнта – галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў не адзін год адпрацаваў на разнастайных кіруючых пасадах у Магілёўскай вобласці. У прыватнасці, Дзмітрый Гобараў працаваў першым намеснікам старшыні Шклоўскага райвыканкама, а пазней узначальваў Круглянскі і Магілёўскі райвыканкамы.
На думку грамадскіх актывістаў Магілёўшчыны, пры вылучэнні Дзмітрыя Гобарава кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў напоўніцу выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс, гэты кандыдат карыстаецца неабмежаванай падтрымкай з боку ўладнай “вертыкалі” Магілёўскай вобласці.