Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэсцкая абласная камісія не задаволіла скаргі двух прэтэндэнтаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатамі

Скаргі былі пададзены Данілам Палянскім, што вылучаўся зборам подпісаў па Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2, і Юрыем Казакевічам, які такім самым шляхам вылучаўся па Баранавіцкай-Цэнтральнай акрузе №5.

Абодва вылучэнцы з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі і не былі зарэгістраваны з-за непазначаных у дэкларацыях аб даходах транспартных сродках. Так, паводле звестак аддзела унутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама, што былі прадстаўлены ў акруговы выбаркам, Даніл Палянскі не ўзгадаў у сваёй дэкларацыі аўтамабілі “Аудзі-80” і “БМВ-525”. Сам прэтэндэнт сцвярджае, што абодва транспартныя сродкі яшчэ ў 1993 годзе былі прададзены ім па даверанасці, але чамусьці дагэтуль не знятыя з уліку. У выніку ў акруговай выбарчай камісіі прыйшлі да высновы, што неадпаведнасць звестак у дэкларацыі аб даходах мае істотны характар, і адмовіліся рэгістраваць Палянскага кандыдатам у дэпутаты. Абласны выбаркам палічыў слушным такое рашэнне і скаргу адхіліў.

Што тычыцца Юрыя Казакевіча, дык у яго дэкларацыю аб даходах не трапіў аўтамабіль “Опель Рэкорд”, інфармацыя пра наяўнасць якога была перададзена ў выбарчую камісію Баранавіцкай-Цэнтральнай акругі №5 з аддзела ўнутраных спраў мясцовага гарвыканкама. І ў гэтым выпадку акруговая камісія палічыла неадпаведнасць звестак у дэкларацыі аб даходах істотнай, каб не рэгістраваць Казакевіча кандыдатам у дэпутаты. Абласная выбарчая камісія пагадзілася з гэтым рашэннем і скаргу прэтэндэнта адхіліла.

Такім чынам, колькасць зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ў Брэсцкай вобласці засталася ранейшай – 75 чалавек на 16 акругаў, што створаны ў рэгіёне. Акрамя Даніла Палянскага і Юрыя Казакевіча, адмову ў рэгістрацыі ад акруговых выбаркамаў атрымалі вылучэнцы ад Партыі БНФ Таццяна Бялько (Бярозаўская акруга №9) - з-за непрадстаўлення усіх дакументаў і парушэння парадку вылучэння, і Андрэй Кахнюк (Пінская сельская акруга №15) – з-за няпоўных звестак ў сваёй дэкларацыі аб даходах.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары