Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Газета Магілёўскага гарвыканкама па-рознаму прадстаўляе інфармацыю аб зарэгістраваных кандыдатах

Агульны прыбытак за 2015 год указаны не ва ўсіх кандыдатах у дэпутаты, якія балатуюцца ў Магілёве.

Сёння, 17 жніўня, газета Магілёўскага гарвыканкама "Веснік Магілёва" надрукавала інфармацыю аб зарэгістраваных у горадзе кандыдатах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прадстаўлены звесткі з Магілёўскай-Ленінскай акругі №84, Магілёўскай-Цэнтральнай акругі №85, Магілёўскай-Кастрычніцкай акругі №86, Магілёўскай-Прамысловай акругі №87 і Магілёўскай сельскай акругі №88. 

Пра кожнага кандыдата даецца інфармацыя аб даце яго нараджэння, месцы працы, партыйнай прыналежнасці. Аднак калі ў кандыдатаў чатырох акруг пазначана маёмасць і агульны прыбытак за мінулы год, то такія звесткі адсутнічаюць пра сямёх кандыдатаў, якія балатуюцца па Магілёўскай сельскай акрузе №88. Розніца ў прадстаўленай інфармацыі ніякім чынам не тлумачыцца.

Таксама "Веснік Магілева" не тлумачыць поўную адсутнасць персанальных звестак пра чатырох зарэгістраваных кандыдатаў у Шклоўскай акрузе №90, у якую часткова ўваходзіць тэрыторыя абласнога цэнтра. Пры гэтым газета ўказвае, што ўсяго ў шасці акругах, што знаходзяцца на тэрыторыі Магілёва, зарэгістраваны 34 кандыдаты.

Згодна апублікаваных звестак, найбольш прыбытковым леташні год быў для Івана Варабьёва, які працуе дырэктарам дарожна-будаўнічага ўпраўлення №14 ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст №3", пражывае ў Магілёве і не ўваходзіць ні ў якую партыю. Яго прыбытак за мінулы год склаў амаль паўмільярды недэнамінаваных рублёў (482 858 644 рублі). Ён балатуецца ў 86 акрузе.

Кандыдатамі, якія летась не мелі ніякага прыбытку, названы сябра АГП Алег Аксёнаў і сябра Партыі БНФ Зміцер Салаўёў. Абодва яны балатуюцца ў 85 акрузе. Першы працуе дырэктарам прыватнай інфармацыйна-асветніцкай установы "Ноктуам", другі часова не працуе.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары