Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Кандыдат у дэпутаты -- памочнік прэзідэнта не сышоў у адпачынак на час выбарчай кампаніі (фота)

Кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Гобараў -- справа ад А. Лукашэнкі. Падчас працоўнага візіту кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці. Фота varjag.net
Кандыдат у дэпутаты Дзмітрый Гобараў -- справа ад А. Лукашэнкі. Падчас працоўнага візіту кіраўніка краіны па Брэсцкай вобласці. Фота varjag.net

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, памочнік прэзідэнта – галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Гобараў суправаджаў кіраўніка краіны падчас яго паездкі ў Маларыцкі раён 15 жніўня, выконваючы свае службовыя абавязкі. Між тым, згодна патрабаванняў беларускага заканадаўства, Дзмітрый Гобараў, які быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты акруговай камісіяй Шклоўскай выбарчай акругі №90 яшчэ 11 жніўня, у гэты час павінен быў знаходзіцца ў службовым адпачынку.

Пра тое, што Дзмітрый Гобараў працягвае выконваць свае службовыя абавязкі, яскрава сведчаць спасылкі цэлагу шэрагу інфармацыйных крыніц: http://varjag.net/brestchane-podarili-korovu-lukashenko/, http://president.gov.by/ru/news_ru/view/rabochaja-poezdka-v-brestskuju-oblast-14204/, http://www.ctv.by/novosti-bresta-i-brestskoy-oblasti/aleksandr-lukashenko-poruchil-vo-vseh-rayonah-belarusi, http://www.belta.by/president/view/lukashenko-ne-zarabatyvat-v-belarusi-mozhet-tolko-lenivyj-205754-2016/ і г. д.

Між тым, артыкул 77 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь прама кажа пра тое, што з моманту рэгістрацыі кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў вызваляюцца ад выканання сваіх працоўных (службовых) абавязкаў з дня рэгістрацыі да дня выбараў без захавання заработнай платы. Падставай для такога вызвалення з’яўляецца рашэнне адпаведнай камісіі аб рэгістрацыі кандыдатам і заява кандыдата наймальніку аб прадастаўленні яму адпачынка без захавання заработнай платы для ўдзелу ў перадвыбарчых мерапрыемствах.

Таксама кандыдату на гэты час можа быць прадстаўлены працоўны адпачынак.

Нагадаем, што акруговая камісія Шклоўскай выбарчай акругі №90 зарэгістравала Дзмітрыя Гобарава кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 11 жніўня 2016 г.

Па меркаванні магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, тое, што Дзмітрый Гобараў працягвае выконваць свае службовыя абавязкі, з’яўляецца грубым парушэннем Выбарчага кодэкса і інструкцый ЦВК. Кандыдат у дэпутаты займае высокую пасаду памочніка прэзідэнта краіны і можа напоўніцу скарыстацца адміністрацыйным рэсурсам для свайго абрання дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.

Іншы кандыдатат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе №90, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў кажа, што акруговая камісія запатрабавала ад яго прадставіць даведку з месца працы аб тым, што ён сапраўды знаходзіцца ў адпачынку. Зараз Кастусёў працоўнай дзейнасцю не займаецца, бо заняты ў перадвыбарчай кампаніі.

Па словах Рыгора Кастусёва, зараз ён будзе разглядаць пытанне аб тым, каб падаць у акруговую выбарчую камісію Шклоўскай выбарчай акругі №90 скаргу наконт парушэння заканадаўства Дзмітрыем Гобаравым.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары