Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Парад кандыдатаў па гомельскім ТБ: кандыдаты ад ЛДПБ чыталі адзін выступ на дваіх

Выступ на тэлебачанні кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Кацоры. Фота з ФБ Л. Судаленкі.
Выступ на тэлебачанні кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Кацоры. Фота з ФБ Л. Судаленкі.

Вечарам 16 жніўня па гомельскім тэлебачанні (тэлеканал «Беларусь-3») прайшло выступленне кандыдатаў у дэпутаты. Так, кандыдат па Юбілейнай акрузе №31, актывіст АГП Уладзімір Няпомняшчых быў на запісе эфіру ў вядомай футболцы «За Беларусь без Лукашэнка», але «... без Лукашэнка» супрацоўнікі тэлебачання прыкрылі прозвішчам кандыдата, і ў выніку па тэлебачанню актывіст выступаў у футболцы з надпісам «За Беларусь». Звяртаючыся па ТБ, Уладзімір Няпомняшчых сказаў: «Добры дзень, так званыя выбарцы! Чаму так званыя? Таму што выбараў у Беларусі няма, гэта гульня шарлатанаў з народам у напарсткі, а не выбары». Кандыдат казаў пра праграму АГП «Мільён рабочых месцаў», і дадаў, што праграму можна рэалізаваць, калі пабудаваць платформу, а гэта – чэсныя выбары, падзел галін улады, незалежныя суды і СМІ, і так далей. «Праграму можна выканаць, праз сістэмныя рэформы, але калі іх пачаць – Лукашэнка страціць уладу, што для яго страшней смерці», - падкрэсліў кандыдат. На заканчэнне выступу ён заклікаў людзей не ісці галасаваць, а ісці працаваць назіральнікамі, і прамовіў «За Беларусь без Лукашэнкі, Жыве Беларусь, Жыве вечна!».

Актывіст АГП Уладзімір Кацора балатуецца на Сяльмашаўскай акрузе №32. Выступ ён пачаў з таго, што зняў пінжак і патлумачыў: «Я, напэўна, яшчэ раней Лукашэнка зразумеў, што трэба распранацца і працаваць, таму буду выступаць перад вамі без гальштуку і пінжаку». Пры выступе кандыдата на стале былі два сцягі – бел-чырвона-белы і сцяг ЕЗ. Кандыдат гаварыў пра еўрапейскі выбар для Беларусі, які ўжо зроблены на побытавым узроўні (еўрапейскія аўтамабілі, бытавая тэхніка, адзенне і прадукты), але які патрэбна зрабіць на палітычным і эканамічным узроўні. «Нам неабходныя сістэмныя змены, але іх складана чакаць ад чалавека, які сказаў, што не павядзе народ за цывілізаваным светам», - зазначыў актывіст АГП. Ён нагадаў словы прэзідэнта пра тое, што той сыдзе, калі народ скажа яму «Досыць». «Мы павінны сказаць сваё «Досыць» гэтай уладзе, гэтай чынавенскай дзяржаве, парламенту, які штампаваў законы, падрыхтаваныя ў адміністрацыі прэзідэнта. Трэба рабіць свой выбар і настаўнікам, якія падпісваюць пратаколы з загадзя намаляванымі там лічбамі на выбарах, і Лукашэнка гэта добра разумее, бо абяцае ім павысіць заробкі, не маючы на гэта рэсурсаў», - падкрэсліў Уладзімір Кацора. Ён пажадаў выбарцам, каб у кожнага была свая выспа свабоды – сям'я, ці лецішча, і каб гэтая выспа пашыралася ў прасторы.

Кандыдат ад партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандр Сухаручанка (Юбілейная акруга №31) назваў цяперашні парламент дэкаратыўным і заклікаў выбарцаў задумацца над функцыямі ПП НС, і над тым, чаму ў краіне падзаконныя акты важнейшыя, чым законы, а заканадаўчая функцыя парламенту імкнецца да нуля.

Начальнік Інстытуту нацыянальнай бяспекі і былы начальнік Гомельскай абласной управы КДБ Іван Корж балатуецца ў парламент па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31. Ён назваў выбарцаў «дарагімі землякамі», сказаў, што рашэнне «прасіць вашай падтрымкі не з'яўляецца спантанным». Начальнік ІНБ зазначыў, што ён не з'яўляецца членам нейкай палітычнай партыі і таксама не прадстаўнік бізнесу, таму не будзе ў парламенце адстойваць нечыя інтарэсы, апроч выбарцаў. «Іду ў парламент не для рашэння асабістых праблем, у мяне ёсць усё: цікавая праца, адказная пасада», - запэўніў Іван Корж.

Ён казаў пра стабільнасць і бяспеку, кансалідацыю, захаванне сацыяльнай накіраванасці, даступнасць медыцыны, абарону састарэлых, інвалідаў і іншых грамадзян, законы як важнейшы інструмент развіцця дзяржавы.

Па Юбілейнай акрузе №31 ад партыі ЛДПБ балатуецца Алег Данскіх, па Сяльмашаўскай №32 – яго аднапартыец Сяргей Дараненкоў. Асаблівасць кандыдатаў у тым, што іх прамовы па ТБ былі цалкам ідэнтычнымі, за выключэннем прозвішчаў. Так, і першы, і другі казалі пра тое, што ЛДПБ – самая магутная палітычная сіла ў Беларусі, якая складаецца з 50 тысяч чалавек. Абое казалі пра тое, што адчуваюць падтрымку выбарцаў і ўпэўнены ў перамозе, абяцалі зрабіць прывабным малы бізнес, стымуляваць моладзь рэальнымі заробкамі, паклапаціцца пра «ахову здароўя нацыі – першасную задачу». Кандыдаты ўдвух выступалі за ліквідацыю беспрацоўя, новыя рабочыя месцы, устойлівасць банкаўскай сістэмы, і казалі выбарцам, што «наша партыя заўсёды адстойвала вашы інтарэсы».

Ад Партыі БНФ па Сяльмашаўскай акрузе №32 балатруецца Васіль Раманаў, які распавёў выбарцам, што бясплатная адукацыя – падман, у Беларусі ўсё больш павялічваецца чынавенскі ціск, людзей прымушаюць «добраахвотна» аддаваць грошы на падпіску на дзяржаўныя выданні і іншыя рэчы. Кандыдат запэўніваў выбарцаў, што Партыя БНФ мае праграму па выхаду краіны з крызісу, а грамадзянам Беларусі трэба выкінуць з галавы думку, што ці ў Маскве, ці ў Бруселі нехта можа вырашыць праблемы беларусаў, таму трэба самім дбаць пра будучыню і прыкладаць асабістыя намаганні.

Кандыдат Сяргей Колышкін (партыя БСДПГ, Сяльмашаўская акруга №32) гаварыў пра рост беспрацоўя, тарыфаў ЖКГ, неабходнасці пераменаў у Беларусі, зменаў у працоўным заканадаўстве, адмене тэрміновых кантрактаў, і наогул зменах у розных сферах жыцця.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары