Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У тэлевыступе кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Няпомняшчых майка «За Беларусь без Лукашэнкі» пераўтварылася ў майку «За Беларусь»

Уладзімір Няпомняшчых. Фота Радыё Свабода.
Уладзімір Няпомняшчых. Фота Радыё Свабода.

16 жніўня прайшлі трансляцыі выступаў на тэлебачанні кандыдатаў у дэпутаты парламента па некаторых гомельскіх акругах. Сярод іх – выступ актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых, які балатуецца па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31. На запіс выступу ён прыйшоў у сваёй «кароннай», вядомай гомельцам майцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі». Але ў тэлеэфіры была бачная толькі верхняя частка майкі, а ніз – закрыты застаўкай з імем кандыдата. Таму атрымалася, што лозунг на майцы гучыць проста «За Беларусь».

Нагадаем, падчас выбарчай кампаніі 2012 года выступ кандыдата Уладзіміра Няпомняшчых у гэтай жа майцы ўвогуле не далі ў эфір, а падчас запісу патрабавалі пераапрануцца. Пазней, на паўторных выбарах па акрузе, камісія адмовілася прыняць здымак для плаката, бо актывіст зноў-такі быў сфатаграфаваны ў майцы з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі».

Цяпер Уладзімір Няпомняшчых звярнуўся да гледачоў са словамі: «Добры дзень, так званыя выбарцы. Так званыя, бо ў Беларусі няма выбараў». Далей у выступе ён расказаў аб праграме АГП і заклікаў выбарцаў ісці ў назіральнікі і звяртацца для гэтага да яго або ў офіс партыі па адрасе Палеская, 52.

Актывіст скончыў свой выступ словамі «За Беларусь без Лукашэнкі!», «Жыве Беларусь – Жыве вечна!».

Таксама ў гэты вечар па ТБ выступілі іншыя кандыдаты. Па той жа акрузе разам з Няпомняшчых балатуецца былы начальнік абласнога ўпраўлення КДБ Іван Корж, актывіст Партыі левых «Справядлівы свет» Аляксандр Сухаручанка і кандыдат ад ЛДП Алег Данскіх.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары