Гродненская абласная камісія не задаволіла ніводную з 8 скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў
15 жніўня ў Гродне прайшло паседжанне абласной тэрытарыяльна-выбарчай камісіі, на якім разглядаліся 8 скаргаў на адмову ў рэгістрацыі вылучэнцаў кандыдатамі ў дэпутаты. На паседжанні прысутнічалі назіральнікі АБСЕ, а таксама іншыя назіральнікі, у тым ліку зарэгістраваны прадстаўнік БХК Раман Юргель. Паседжанне ТВК доўжылася амаль чатыры гадзіны.
4 скаргі былі пададзены ад незарэгістраваных прэтэндэнтаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Некаторыя з іх не прадставілі завераныя копіі працоўных кніжак, а падалі толькі ксеракопіі. Так быў незарэгістраваны прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду” Сяргей Мякека. Ад палітычных партый падалі скаргі на адмову ў рэгістрацыі 4 прэтэндэнты: 3 – з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і 1 – з Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. На паседжанні з 8 чалавек, якія падалі скаргі, прысутнічалі 7, адсутнічаў толькі Павел Станеўскі з БПЛ “Справядлівы свет”, кіраўнік Гродзенскай абласной арганізацыі. Характэрна, што прадстаўнік гэтай партыі, які ўваходзіць у склад ТВК галасаваў разам з іншымі членамі камісіі за адмову ў задавальненні ўсіх скаргаў.
Прадстаўнік АГП Аляксей Салянік, пенсіянер, жыхар Гродна не прадставіў у акруговую камісію Гродзенскай сельскай акругі№53 усіх звестак у дэкларацыі, здаўшы незапоўненую поўнасцю дэкларацыю аб даходах і маёмасці. На паседжанні ТВК ён тлумачыў гэта тым, што дакладна не ведаў сваіх даходаў за 2015 год. Салянік даносіў патрэбныя дакументы ў акруговую камісію, але ўжо пасля вызначанага крайняга тэрміну. Акруговая камісія не прыняла іх.
Антон Вайцехаў, жыхар Гродна, не быў зарэгістраваны кандыдатам па Слонімскай выбарчай акрузе №56, паколькі не прадставіў у акруговую камісію завераную копію працоўнай кніжкі і прынёс даведку з месца працы без выходнага нумару, без пячаткі і подпісу.
Яшчэ адна вылучэнка ад АГП Бэла Дашкіна, жыхарка Гродна не прадставіла асабіста ў акруговую камісію Лідскай выбарчай акругі №55 пратакол палітсавету АГП, а выслала яго поштай, і ліст з пратаколам прыйшоў толькі 3 жніўня. Старшыня ТВК Уладзімір Хлябіч пры разглядзе гэтай скаргі адзначыў, што Дашкіна ўжо не першыя выбары так неахайна абыходзіцца з пратаколамі яе вылучэння.
У выніку разгляду скаргаў Гродзенская ТВК не задаволіла аніводную з 8 пададзеных скаргаў. Амаль усе прэтэндэнты, якіх не зарэгістравалі і не задаволілі іх скаргі, цяпер збіраюцца аспрэчваць рашэнні акруговых і абласной камісій у судзе.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”