У Брэсце першы агітацыйны пікет зладзілі актывісты Аб'яднанай грамадзянскай партыі (фота)
Месцам правядзення пікета, які меў назву “Ад кандыдата з любоўю”, была абрана пляцоўка каля кінатэатра “Беларусь”, дзе сябры АГП прэзентавалі партыйнага вылучэнца па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Дыяну Касцюковіч.
Мінакам раздавалі фатаграфіі за подпісам кандыдата ў дэпутаты і прапаноўвалі напісаць свае пажаданні ад чыстага сэрца пра тое, якім чынам павінна развівацца выбарчая акруга і горад у цэлым.
“Людзі вельмі пазітыўна рэагуюць на прысутнасць нашых пікетаў у цэнтры Брэста на вуліцы Савецкай, - распавяла Дыяна Касцюковіч. - Разам з тым можна заўважыць нізкую палітычную пісьменнасць грамадзян: многія з іх не ведаюць, якім чынам можна дамагчыся перамен. Жыхары города пакуль не бачаць сувязі паміж выбарамі і сваім жыццём”.
Сярод пажаданняў, якія пісалі берасцейцы на ватмане, былі і такія - стварэнне працоўных месцаў і ўмоў для развіцця бізнесу, адкрыццё новых спартыўных аб'ектаў і пляцовак на акрузе, будаўніцтва большай колькасці ільготнага жылля. Жыхары таксама адзначылі адсутнасць свабоды слова ў краіне, нізкі ўзровень даходаў і гэтак далей.
“У кожным рэгіёне свае праблемы, але агульная тэндэнцыя ў тым, што людзі цяпер не задаволеныя сваім матэрыяльным становішчам, - звярнуў увагу адзін з арганізатараў пікету, намеснік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў. - За апошнія некалькі гадоў значна пагоршыўся дабрабыт людзей, і гэта іх вельмі хвалюе”.