Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі двух незарэгістраваных прэтэндэнтаў у кандыдаты
З 15 жніўня Віцебскі абласны суд пачаў разглядаць скаргі грамадзянскіх і партыйных актывістаў на адмовы акруговых выбарчых камісій зарэгістраваць іх у якасці кандыдатаў у дэпутаты беларускага парламента. за першы дзень працы суду былі разгледжаныя скаргі двух прэтэндэнтаў на месцы ў Палаце Прадстаўнікоў – Мікалая Манохіна і Сяргея Васільева. Абедзьве скаргі не былі задаволеныя.
Як паведамляе “Віцебская Вясна”, падчас разгляду скаргі незалежнага кандыдата з Наваполацку Мікалая Манохіна, які вылучаўся ў дэпутаты праз збор подпісаў па Наваполацкай выбарчай акрузе №24, судом было выяўлена, што прэтэндэнт дапусціў шэраг парушэнняў дзеючага заканадаўства. Суддзя Аляксандр Федзюкевіч пагадзіўся з меркаваннем акруговай выбарчай і Віцебскай абласной выбарчай камісій, што Мікалай Сяргеевіч у дэкларацыі пра даходы і маёмасць не пазначыў звестак пра наяўнасць у яго долі ў статутным фондзе ПГУП «Наватэх», а падчас праверкі камісіяй подпісаў выбаршчыкаў ёю было выяўлена больш за 20% несапраўдных.
Суддзя палічыў, што ўсе гэтыя факты маюць дакументальнае пацверджанне і з’яўляюцца істотнымі і законнымі для адмовы Манохіну ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.
Праўда, судом не была ўзятая пад увагу тая акалічнасць, што фірма «Наватэх» з 2011 году знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. А калі так, уладальнік долі ў статутным фондзе прадпрыемства мае законнае права не пазначаць у дэкларацыі наяўнасці ягоных акцыяў.
Мікалай Манохін таксама прадставіў суду аргументы ў падтрымку таго, што выпраўленні і апіскі ў падпісных аркушах не замінаюць ідэнтыфікаваць асобы выбаршчыкаў, а, значыць, подпісы гэтых падпісантаў нельга лічыць несапраўднымі.
Манохін звярнуў увагу суддзі на тое, што акруговая камісія, адбіраючы для праверкі падпісныя аркушы, адабрала толькі тыя аркушы, у якіх была вялікая колькасць выпраўленняў. Такі адбор падпісных аркушаў Мікалай палічыў праявай прадузятасці ў дачыненьні да яго з боку акруговай камісіі. На думку няўдалага кандыдата ў дэпутаты, менавіта маніпуляцыі з адборам падпісных аркушаў сталі адной з прычынаў адмовы яму ў рэгістрацыі. Аднак усе гэтыя довады суд ня ўзяў пад увагу.
Рашэнне суддзі неадкладна набыло законную моц і абскарджанню ці апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае. Такім чынам, Мікалай Манохін канчаткова выбыў з выбарчай гонкі.
Жыхар Мёраў, вылучэнец ад АГП Сяргей Васільеў падаў скаргу ў абласны суд, бо яго не зарэгістравалі кандыдатам праз нібыта недакладна пададзеныя звесткі пра заробак. Аднак у гэтым не было ягонай віны: ён скарыстаўся даведкай, якую яму далі ў бухгалтэрыі райспажыўсаюза. Спадар Васільеў працаваў па сумяшчальніцтве напрацягу 4-х месяцаў, а калі звярнуўся па даведку пра заробак, яму напісалі толькі пра прыбыткі, атрыманыя на асноўнай пасадзе. Сяргей Васільеў склаў гэтую лічбу з сумай грошай, атрыманых па беспрацоўі ( бо мёрскі актывіст колькі год беспаспяхова шукаў працы) і ўсё агулам указаў у дэкларацыі.
Між тым на запыт праверкі тая самая бухгалтэрыя дала даведку з іншай сумай заробку, кажа віцебскі праваабаронца Павел Левінаў:
“Аспрэчыць тое, што ён не прыдумаў суму прыбыткаў, а скарыстаўся афіцыйным дакументам, Сяргею Васільеву не ўдалося. Абласны суд пацвердзіў, што яго не зарэгістравалі кандыдатам на законных падставах”.
Паводле праваабаронцы, у Віцебску будуць разглядаць яшчэ некалькі скаргаў ад актывістаў, якіх не зарэгістравалі кандыдатамі. У прыватнасці, у абласную выбарчую камісію падалі скаргі сябры партыі БНФ Уладзімір Кійко і Віталь Паўлаў, кажа спадар Левінаў:
“На маю думку, гэтыя два чалавекі маюць усе падставы быць зарэгістраванымі. Бо прычыны адмовы – абсурдныя. Так, падчас праверкі дакументаў аршанца Віталя Паўлава высветлілася, што ён нібыта з’яўляецца трымальнікам акцый аднаго з мясцовых акцыянерных таварыстваў. Для спадара Паўлава гэта стала адкрыццём, бо ён нават не ведаў пра існаванне такога таварыства. Найхутчэй, я мяркую, праверка была праведзена недакладна, і мае месца памылка – бо прозвішча і імя патэнцыйнага кандыдата вельмі распаўсюджаныя. Адсюль – верагодная блытаніна. Што до віцябляніна Уладзіміра Кійко, то ў ягоным выпадку прэтэнзіі тычыліся назвы прадпрыемства, на якім ён працуе. Бо ў працоўнай кніжцы назва ранейшая, а колькі год таму адбылося перайменаванне прадпрыемства. Што тут скажаш? Не грамадзянін вядзе запісы ў працоўнай кніжцы! А ў дакументах для рэгістрацыі спадар Кійко ўказаў сучасную назву, як мае быць!”
На думку Паўла Левінава, акруговыя камісіі выконвалі зусім не тыя функцыі, якія ўскладзеныя на іх выбарчым заканадаўствам:
“Акруговыя камісіі закліканы спрыяць жаданню грамадзян удзельнічаць у выбарах. Гэта значыць, дапамагаць ім, раіць нешта… Атрымліваецца ж, што камісіі стваралі перашкоды, часам шукаючы нават няісныя “зачэпкі”, каб не зарэгістраваць дэмакратычных актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты”.