Бабруйск: абвесціць час тэле- і радыёвыступаў кандыдатаў парупілася толькі камісія Сельскай акругі
Ад сённяшняга дня пачынаецца запіс выступаў кандыдатаў па трох бабруйскіх выбарчых акругах. Але інфармацыя наконт часу, у які выбаршчыкі змогуць пабачыць і паслухаць кандыдатаў, на дадзены момант з'явілася толькі на сайце Бабруйскага (распісаны час па кожнай асобе) і Кіраўскага райвыканкамаў (агульная інфармацыя).
Тэлевыступы кандыдатаў па Сельскай акрузе адбудуцца 18 жніўня на тэлеканале "Беларусь-3" з 19.00 да 19.25 (на кожны выступ даецца па пяць хвілін), радыёвыступы -- 26 жніўня на "Радыё-Магілёў" з 7.00 да 7.25 раніцы.
У колькі і дзе можна будзе ўбачыць выступы кандыдатаў па Ленінскай і Першамайскай выбарчай акрузе, на дадзены момант не паведаміў ні сайт гарвыканкаму, ні сайты раённых адміністрацый.
Таісія Кабанчук, кандыдатка ад АГП па Ленінскай акрузе паведаміла, што расклад з часам запісу і трансляцыі выступаў яна атрымала яшчэ ў дзень рэгістрацыі.
-Мы цягнулі канверты, там быў пазначаны час. Я буду запісавацца сёння, а трансляцыя па тэлебачанні прызначана на заўтра, а 19-й гадзіне. Адкуль на дадзены момант выбаршчыкі могуць даведацца пра гэта, я не ведаю. Я стараюся ўсю важную інфармацыю публікаваць у сацыяльных сетках, - адзначыла кандыдатка.