Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дзяржаўныя выданні Брэсцкай вобласці па-ранейшаму сціпла асвятляюць выбарчую кампанію

На інтэрнэт-старонках большасці раённых газет з’явіліся адмысловыя рубрыкі “Выбары”, але змешчаны там ў асноўным афіцыйныя матэрыялы Цэнтрвыбаркама, дзяржаўнаша агентства БЕЛТА і мясцовых райвыканкамаў.

Аднак некаторыя сайты дзяржаўных “раёнак” не маюць і гэтага. Так, адзіная публікацыя ў рубрыцы “Выбары” на інтэрнэт-старонцы пружанскай газеты “Раённыя будні” прысвечана стварэнню ўчасткаў для галасавання ў Бярозаўскай выбарчай акрузе №9 (у яе склад уваходзіць і Пружанскі раён).

Па свайму адзначылася і газета “Голас часу” з Маларыты. Тут у адпаведнай рубрыцы змешчаны толькі матэрыял пад назвай “В едином ключе”, дзе распавядаецца, што 27 чэрвеня мусіць адбыцца сумеснае пасяджэнне прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама наконт фармавання скаладу Брэсцкай абласной і акруговых выбарчых камісій на сёлетнія парламенцкія выбары.

Дарэчы, агульнай заканамернасцю з’яўляецца тое, што калі на тэрыторыі таго ці іншага раёна няма ўласнай выбарчай акругі, якая знаходзіцца ў мясцовым райвыканкаме (у Брэсцкай вобласці гэта тычыцца такіх гарадоў як Пружаны, Маларыта, Камянец, Драгічын, Ляхавічы, Ганцавічы), дык журналісты дзяржаўных газет вельмі сціпла асвятляюць выбарчую кампнаію, бо прызвычаілся атрымліваць інфармацыю ад чыноўнікаў раённай “вертыкалі”.  

Яшчэ адна тэндэнцыя пры асвятленні выбарчай кампаніі мясцовымі выданнямі тычыцца перадрукі афіцыйных матэрыялаў Цэнтрвыбаркаму і адмыслова падрыхтаваных публікацый агенцтва БЕЛТА, дзе пра выбары даецца агульная інфармацыя без асаблівасцяў для канкрэтнага рэгіёна. Менавіта з такіх публікацый амаль цалкам складаецца “выбарчая тэма” на сайтах газет “Ляхавіцкі веснік”, “Чырвоная звязда” (Іванава), “Навіны Палесся” (Столін).

Толькі некаторыя дзяржаўныя выданні ў Брэсцкай вобласці падрыхтавалі ўласныя матэрыялы наконт этапу збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Прычым гэтыя публікацыі тычыліся выключна прэтэндэнтаў, якія ўжо зараз карыстаюцца падтрымкай уладаў. Так, газета “Навіны Камянеччыны” распавяла пра пікеты мясцовых структур РГА “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, БРСМ, Савета ветеранаў, аб’яднання прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ,у падтрымку вылучэння чыноўніцы з аблвыканкама Жанны Стаціўкі (пра пікеты на карысць гэтай асобы паведаміла і жабінкоўская “Сельская праўда”). Аналагічным чынам паступілі ў рэдакцыі выдання “Кобрынскі веснік”, дзе змясцілі нататкі пра збор подпісаў за вылучэнне дырэктара мясцовага політэхнічнага коледжа Васіля Дземідовіча, але “не заўважылі” пікеты ў падтрымку альтэрнатыўных вылучэнцаў.

У сваю чаргу у брэсцкай раённай газеце “Заря над Бугом” з’явілася публікацыя з красамоўнай назвай “Остромечевцы с кандидатом определились”, дзе распавядаецца пра канферэнцыю працоўнага калектыва ААТ “Астрамечава”, на якім было прынята рашэнне вылучыць кандыдатам у дэпутаты Уладзіміра Базанава, які і зараз працуе ў Палаце прадстаўнікоў. 

На фоне амаль незаўважанага этапу збору подпісаў “Сельская праўда” (Жабінка) змясціла нататку “Свободные выборы – прозрачные процедуры”, якая тычыцца трэнінгу для сябраў участковых выбарчых камісій. У публікацыі распавядаецца, што трэнінгі ладзяцца ў выглядзе дзелавой гульні, а іх мэта  – змадэляваць сітуацыі, якія могуць узнікнуць на ўчастках для галасавання, “выпрацаваць практычныя навыкі ў кіраўнікоў участковых камісій па рэалізацыі патрабаванняў выбарчага заканадаўства, каб забяспечыць дэмакратычны і транспарэнтны выбарчы працэс, адкрытасць і празрыстасць падліку галасоў і ўсталявання вынікаў галасавання”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары