Слонім: прайшлі першыя два агітацыйныя пікеты (фота)
У цэнтры Слоніма ў нядзелю, 14 жніўня, з’явіліся два першыя агітацыйныя пікеты ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Івана Шэгі. Пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі з’явіліся на плошчы Леніна і каля цэнтральнага рынку.
Да пікетоўцаў актыўна падыходзілі людзі, знаёміліся з біяграфічнымі звесткамі пра кандыдата, бралі на памяць сабе розныя праграмкі і буклеты, які распавядаюць пра кандыдата ў дэпутаты, а таксама кнігу Івана Шэгі “Пра краіну і пра нас”, якая сёлета пабачыла свет. У кнізе аўтар разважае пра ранейшыя выбары ў Беларусі, пра гісторыю, медыцыну, адукацыю.
Выбаршчыкі шмат пыталіся ў пікетоўцаў пра выбары, пра тое, ці варта ісці на датэрміновае галасаванне. Людзей таксама хвалявалі пытанні, калі будуць у Беларусі павышацца заробкі і пенсіі, калі людзі пачнуць жыць так, як, напрыклад, жывуць у Польшчы.