Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Газета Магілёўскага гарвыканкама змясціла вялікі артыкул пра кандыдатку, не ўзгадвючы, што яна кандыдатка

Цэлая паласа газеты "Веснік Магілёва" прысвечана стаўшай кандыдатам ў дэпутаты па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 намесніцы старшыні абласнога аб'яднання прафсаюзаў Вользе Петрашовай.

У артыкуле, які з'явіўся ў апошнім нумары гарвыканкамаўскай газеты ад 10 жніўня, нідзе не ўзгадваецца, што Петрашова вылучана кандыдатам. Адсутнасць дадзенай інфармацыі, верагодна, тлумачыцца адмоўным досведам, які атрымала выданне пасля публікацыі пра іншага праўладнага прэтэндэнта-магілёўца на дэпутацкае крэсла Аляксандра Старавойтава. 

Нагадаем, што яшчэ ў нумары ад 20 ліпеня "Веснік Магілёва" апублікаваў невялікі артыкул пра вылучэнне кандыдатам галоўнага ўрача Магілёва Аляксандра Старавойтава на сходзе працоўнага калектыва магілёўскай цэнтральнай паліклінікі. Такая цікавасць гарвыканкамаўскай газеты не засталася незаўважанай з боку шэрагу СМІ, якія выказаліся пра стварэнне для Старавойтава асаблівых умоў на выбарах.

Адсутнасць адкрытага ўзгадвання дэпутацкіх амбіцый Петрашовай не схавала перадвыбарчага характару публікацыі. Нібыта рэдакцыйны, а не рэкламны артыкул пра Петрашову распавядае пра яе дзейнасць выключна са станоўчага боку і не змяшчае ніякай крытыкі альбо хоць нейкага намёку на невырашанныя пакуль для прафбоса праблемы. Петрашова прадстае ў выглядзе ўсюдыіснай жанчыны-свята, якая ледзьве паспявае ўручаць працаўнікам сяла кветкі, граматы, наведваць ветэранаў і кіраваць жансаветам. Гэтае ўражанне замацоўваецца і апублікаванымі здымкамі Петрашовай, дзе абавязкова прысутнічаюць кветкі ці граматы. 

Нягледзячы на тое, што прафсаюзная функцыянерка пазіцыянуецца як надзвычай занятая асоба, яна тым не менш паспявае заплесці касу дочцы-другакласніцы і прыгатаваць "смачны абед для блізкіх". Але сямейныя справы, на якія вельмі мала часу, не перашкаджаюць Перашовай быць без перабольшання ўсемагутнай. "На работе уже ждут коллеги и посетители, верящие в то, что эта светловолосая, улыбчивая женщина сможет сделать невозможное возможным, вселит уверенность и оптимизм в души тех, кто отчаялся в борьбе с насущными проблемами", - піша журналістка Наталля Вастрацова. Калі Петрашова можа зрабіць немагчымае магчымым, то не варта здзіўляцца, што гэтая жанчына 1968 года нараджэння з'яўляецца членам прэзідыума абласнога савета ветэранаў і намеснікам старшыні абласной арганізацыі "Беларускі саюз жанчын".

З артыкула таксама вынікае, што паняцці "магілёўскае абласное аб'яднанне прафсаюзаў" і "Вольга Петрашова" ёсць сінонімамі. Калі прафсаюзы некаму вярнулі незаконна вылічаныя грошы, выдаткавалі матэрыяльную дапамогу, дапамаглі арганізаваць летні дзіцячы адпачынак, то, дзякуючы артыкулу, ствараецца ўражанне аб персанальнай заслузе ва ўсім гэтым Петрашовай. 

Тым не менш сказаўшы пра Петрашову "а", "Веснік Магілёва" не кажа "б". У артыкуле Вастрацовай няма мовы аб тым, што прафсаюзная функцыянерка і разам з тым жаночая і ветэранская актывістка ўжо не першы год ёсць дзейсным дэпутатам Магілёўскага абласнога савета. Пра яе поспехі на гэтай пасадзе газета маўчыць.

Таксама маўчыць газета пра тое, што раней Петрашова была звычайнай чыноўніцай - намесніцай начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары