Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гродна: асноўныя прэтэнзіі пры адмовах у рэгістрацыі -- да дэкларацый і дакументаў аб адукацыі і працы

Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"
Гродна. Інфармацыйны плакат "Выбары-2016"

   Незалежныя назіральнікі Гродна прааналізавалі рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты па чатырох гарадскіх акругах.

   Па Гродненскай-Ленінскай акрузе №52 на статус кандыдата прэтэндавалі 7 чалавек, з іх былі зарэгістраваныя толькі трое: Мікалай Баўсюк, лідар Гродненскай структуры БХД, які вылучаўся ад АГП, Валеры Кісель з Партыі БНФ і Тамара Даўгашэй, цяперашняя дэпутатка, якая вылучалася шляхам збору подпісаў.  Іншыя чатыры прэтэндэнты не зарэгістраваныя кандыдатамі. Валянцін Шабаль, які вылучаўся ад працоўнага калектыву, сам зняў сваю кандыдатуру. З 7-мі прэтэндэнтаў подпісы выбаршчыкаў здалі толькі двое. На паседжанні камісіі па рэгістрацыі яе старшыня Алег Бялінскі агучыў вынікі праверкі і прапанаваў усёй камісіі адразу прагаласаваць фактычна за гатовае рашэнне, ніякага абмеркавання не было. Незарэгістраваныя па гэтай акрузе прадстаўнікі дзвюх палітычных партый – Алег Урублеўскі ад ЛДПБ і Міхаіл Рогаў ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Абодва – з-за няправільна запоўненай дэкларацыі аб даходах. Найбольш скандальнай і дыскрымінацыйнай, на думку незалежнага назіральніка па гэтай акрузе Віктара Сазонава, стала нерэгістрацыя Сяргея Мякекі, прадстаўніка рэгіянальнай структуры “Гавары праўду”. Хоць фактычна сабраныя подпісы камандай Сяргея Мякекі былі прызнаныя сапраўднымі, бо камісія забракавала толькі 5 подпісаў з-за тэхнічных памылак. Прычынай жа нерэгістрацыі сталі копіі дакументаў з месца працы Мякекі, якія прызналі не заверанымі адпаведным органам. Пры тым сапраўднасць дакументаў ніхто пад сумнеў не ставіў. Незалежныя назіральнікі лічаць, што такім чынам з-за тэхнічнай недакладнасці не быў зарэгістраваны апазіцыйны кандыдат.

   Па Гродненскай-Цэнтральнай акрузе №51 кандыдатамі зарэгістраваныя 4 чалавекі: Вадзім Саранчукоў з ПБНФ, Іван Крук з АГП, Валерый Дарошка з ЛДПБ і праўладная вылучэнка Лілія Кір’як, дырэктарка СШ №13. Не зарэгістраваныя прадстаўнік БПЛ “Справядлівы свет” Павел Станеўскі (прычына – у паданых дакументах не знайшлося копіі дакумента пра адукацыю) і самавылучэнец Максім Штэйнвальд (з той жа прычыны).

   Па выніках паседжання акруговай камісіі Гродненскай-Занёманскай акругі №49 кандыдатамі зарэгістраваныя ўсе 7 прэтэндэнтаў у дэпутаты. 4 з іх прадстаўляюць палітычныя партыі: Наталля Лукашэвіч з АГП, Аляксандр Мікалута з ЛДПБ, Валеры Мінец з ПБНФ і Віктар Міхальчык з БПЛ “Справядлівы свет”. 3 кандыдаты тут беспартыйныя.

   Па Гродненскай-Кастрычніцкай акрузе №50 кандыдатамі зарэгістраваныя 6 чалавек з 8-мі, што падалі дакументы. Сярод зарэгістраваных чацвёра партыйных кандыдатаў: Альберт Ліннік з ПБНФ, Віктар Данільчык з АГП, Валянціна Навумава з БПЛ “Справядлівы свет” і Алег Рамашкевіч з БСДП (Грамада). 2 кандыдаты па гэтай акрузе беспартыйныя.

   Некалькі незарэгістраваных кандыдатамі прэтэндэнтаў рыхтуюць падаць скаргі на прадмет іх нерэгістрацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары