У Баранавічах не зарэгістраваны толькі прадстаўнік Руху “За свабоду”
У Баранавіцкіх выбарчых акругах Заходняй №5 і Усходняй №6 зарэгістравана па 5 кандыдатаў.
У Заходняй выбарчай акрузе №5 зарэгістраваны цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Палітыка і дырэктар гімназіі №5 Таццяна Шастак. Вольга Палітыка падстрахавалася ажно двумя калектывамі: ад мясцовага малаказавода і ад цэнтральнай паліклінікі, а таксама шляхам збору подпісаў. За Палітыку было сабрана 3 093 подпісы, 6 з якіх прызнаны несапраўднымі. Таццяна Шастак чамусьці накіравана не калектывам гімназіі, а калектывам Баранавіцкага водаканала. Мікола Чарнавус зарэгістраваны ад Партыі БНФ, Васіль Кармановіч - ад БСДП(Г) і Уладзімір Шастак - ад партыі “Справядлівы свет”.
Шляхам збору подпісаў ішоў сябра Руху “За свабоду” Юрый Казакевіч, які здаў 1 123 подпісы, 7 з якіх прызнаны несапраўднымі. Тым не менш ён быў не зарэгістраваны, паколькі не ўказаў у дэкларацыі разбіты ў 1998 г. у аварыі аўтамабіль і здадзены на металалом, які да гэтага часу не быў зняты з уліку. Ён не пагадзіўся з адмовай у рэгістрацыі і накіраваў скаргу ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію.
У Баранавіцкай Усходняй выбарчай акрузе №6 зарэгістрваны Барыс Пацейка –дырэктар Баранавіцкага завода запасных частак “Аўтако” - ад працоўнага калектыву “Баранавічыкамунцепласетка”, Таццяна Якубовіч – першы прарэктар Баранавіцкага ўніверсітэта – ад трох працоўных калектываў: універсітэта, хлопкапапяровага камбіната, ад авіяцыйнага завода і шляхам збору подпісаў. Дзмітрый Аўгуст, дырэктар прыватнага прадпрыемства “Андатра”, які вылучаўся шляхам збору подпісаў, здаў 1 029 подпісаў. Ён балатуецца ўжо трэці раз па гэтай акрузе. Чэслаў Гузэўскі вылучаўся ад партыі “Справядлівы свет”, Мікола Чарнавус (малодшы) - ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
Чэславу Гузэўскаму зрабілі заўвагу, што мае тры акцыі, а запісаў толькі 2. Мікола Чарнавус запісаў, што мае гараж, але ён не зарэгістраваны. Гэтыя недахопы палічылі нязначнымі нязначнымі, і партыйцаў зарэгістравалі.