Бяроза: з 7 прэтэндэнтаў – 6 кандыдатаў
У Бярозаўскай выбарчай акрузе №9 з сямі прэтэндэнтаў кандыдатамі зарэгістраваны шасцёра. Не прайшла рэгістрацыю прэтэндэнтка ад Партыі БНФ Таццяна Бялько з Гродненскай вобласці, якая прадаставіла не ў поўным аб’ёме патрэбныя для рэгістрацыі дакументы.
Ад ЛДП зарэгістраваны Дзмітрый Рыгораў – жыхар Брэста, працуе слесарам па кантрольна-вымяральных прыборах і аўтаматыцы унітарнага прадпрыемства “ТЭУ”, Арцём Іваноў – жыхар Брэста, слесар па рамонту ў вагонным дэпо “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, які вылучаўся ад БСДП(Г), Аляксандр Мельнік - таксама жыхар Брэста, начальнік штаба дзяржаўнай абароны філіала станцыі хуткай дапамогі ў Брэсцкай абласной бальніцы хуткай медычнай дапамогі, (партыя “Справядлівы свет”), Віктар Купрэеў - намеснік старшыні Бярозаўскай раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы, сябра Камуністычнай партыі Беларусі і Аляксандр Кабанаў – сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Шляхам збору подпісаў і ад працоўнага калектыва Бярозаўскага сыркамбіната быў зарэгістраваны Леанід Качына – галоўны інжынер камбіната. Пры праверцы подпісаў несапраўднымі аказаліся 0,7%, з сабраных 5505 подпісаў залічаны 5497.
Атрымаць пасведчанні аб рэгістрацыі ў АВК прыйшлі толькі двое: Віктар Купрэеў і Аляксандр Кабанаў. Вылучэнец ад АГП прапанаў дэбаты, але другі прысутны на паседжані кандыдат-камуніст Віктар Купрэеў адразу катэгарычна адмовіўся. Аднак крышку пазней стала вядома, што на тэледэбаты пагадзіўся Аляксандр Мельнік.
Аляксандр Кабанаў выказаў свае прэтэнзіі наконт запісу: часова беспрацоўны. Ён займаецца дапаможнай гаспадаркай і працуе на ёй зраніцы да вечара.
-Сказалі, прабачце, вы падаткі не плаціце, -- каментуе Аляксандр Кабанаў. – Але ў мяне няма ні выходных, не адпачынкаў. Я плачу дастаткова шмат падаткаў, калі купляю кармы, зернавыя, замаўляю тэхніку, то бок папаўняю бюджэт дастаткова актыўна.
У выніку ў інфармацыйным плакаце пра кандыдатаў будзе запісана як род занятку “працуе на дапаможнай гаспадарцы”.