Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Жодзіне не зарэгістравалі прадпрымальніка, бо нібыта плаціў выбаршчыкам грошы за подпісы

Жодзіна. Паседжанне акруговай камісіі па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Фота Аляксея Лапіцкага
Жодзіна. Паседжанне акруговай камісіі па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Фота Аляксея Лапіцкага

10 жніўня ў Жодзіне адбылося паседжанне акруговай камісіі Жодзінскай выбарчай акругі №64, на якім разглядалася пытанне рэгістрацыі кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Камісія прыняла рашэнне аб рэгістрацыі 2 кандыдатаў з 5 прэтэндэнтаў на дэпутацкае крэсла: вылучанага ад ААТ “БелАЗ” і зборам подпісаў Дзмітрыя Заблоцкага і вылучанага ад ААТ “Світанак” Аляксандара Гурыненка, паведамляе сайт licviny.info.

Валеры Матусевіч, які вылучаўся ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” не быў зарэгістраваны з-за памылкі ў пададзенай дэкларацыі аб даходах, у якой не былі задэклараваныя 150 простых акцый ААТ “Аўтамагістраль” (Матусевіч працуе кіроўцам у Мінску), і якую камісія 11 галасамі палічыла істотнай (2 - устрымаліся).

У Андрэя Сухарава (прадпрымальнік з Жодзіна, які вылучаўся зборам подпісаў) камісія знайшла парушэнні ў падпісных лістах і двойчы адбірала подпісы на праверку (дадзены працэс не быў дасяжны для назірання). Напрыканцы паседжання Сухарава азнаёмілі з некаторымі аркушамі і паказалі зафіксаваныя несапраўдныя подпісы. З довадамі камісіі прэтэндэнт, які з’яўляецца “навічком у выбарчых пытаннях”, цалкам пагадзіўся.

Як адзначае прысутны на паседжанні назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Аляксей Лапіцкі, па пытанні аб прычынах нерэгістрацыі кандыдатам іншага прадпрымальніка, які таксама вылучаўся зборам подпісаў, - Алега Навіцкага разгарнулася цэлае прадстаўленне ў зале Жодзінскага выканкаму.

Алег Навіцкі. Фота oon.by/

З трыбуны з падрыхтаваным дакладам і падрабязным пераказам падзеяў, якія адбыліся падчас збору подпісаў ініцыятыўнай групай прэтэндэнта ў Зялёным Боры 20-22 ліпеня, выступіла сведка і актыўная ўдзельніца тамтэйшага інцыдэнту, старшыня Зялёнаборскага сельсавету Наталля Саковіч. Па фактах парушэння яна звярталася да старшыні выканкаму А.Шлыкава і дзяжурнай у Жодзінскай камісіі Тамары Мацюшонак. Для высвятлення абставінаў справы на месца выязджалі прадстаўнікі Жодзінскага акруговага выбаркаму Аляксандар Ваўчанін разам з Людмілай Грымовіч (жыхарка Зялёнага Бору).

Прадстаўніца зялёнаборскай мясцовай улады запэўніла камісію ў тым, што сама бачыла і можа пацьвердзіць факт узнагароджвання ў памеры 5 тыс. рублёў жыхара Зялёнага Бору Дзяніса Мікалаева (беспрацоўны) за пастаўлены подпіс за Алега Навіцкага падчас пікету.  

Жодзіна. Наталля Саковіч, , старшыня Зялёнаборскага сельсавету. Фота licviny.info

Пасля гэтага на паседжанні былі апытаныя сведкі зафіксаваных парушэнняў, а менавіта тыя, каму нібыта і выдаваліся грошы за подпісы.

Гэта муж з жонкай, Марына і Сяргей Шырыны, якія пацвердзілі атрыманне 10 тыс. руб. за свае подпісы. Пры гэтым на адно з пытаньняў Сяргей Шырын патлумачыў, што да іх прыходзілі прадстаўнікі ўладаў і ціснулі, каб яны прызналіся.

Жодзіна. Муж з жонкай, Марына і Сяргей Шырыны распавядаюць акруговай камісіі пра атрыманне 10 руб. за свае подпісы. Фота licviny.info

А Дзяніс Мікалаеў упарта сцвярджаў, што 5 тыс. руб. яму даваў за пастаўлены подпіс сам Алег Навіцкі, бо так яму ён тады сам і прадставіўся.

Жодзіна. Дзяніс Мікалаеў распавядае пра атрыманне грошай за подпіс. Фота licviny.info

У выніку галасаванне супраць рэгістрацыі А.Навіцкага кандыдатам было адзінагалосным.

Напрыканцы паседжання, ужо пасля галасавання і вырашэння шэрагу іншых пытанняў, старшыня акруговай камісіі Сяргей Афанасенкаў зачытаў прысутным зварот А.Навіцкага ў акруговую камісію, у якім прэтэндэнт паведамляў пра перашкоды ў правядзенні пікетавання 22.07.2016 у пасёлку “Зялёны Бор” з боку прадстаўніцы мясцовай выканаўчай улады Наталлі Саковіч. У звароце паведамлялася, што дадзеная асоба “ўступіла ў змову з грамадзянамі з мэтамі абвінаваціць ініцыятыўную групу, што збор подпісаў ва ўказаных грамадзянаў вёўся за фінансавае ўзнагароджванне. Гэтыя грамадзяне былі ў стане моцнага алкагольнага ап’янення і маглі пацьвердзіць што заўгодна”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары