Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Пасля рэгістрацыі колькасць прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат у Брэсцкай вобласці скарацілася на чатыры асобы

Даніл Палянскі, прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду".
Даніл Палянскі, прадстаўнік кампаніі "Гавары праўду".

Сярод тых, каму было адмоўлена ў рэгістрацыі – два прадстаўніка Партыі БНФ і прыхільнік кампаніі “Гавары праўду”.

Паводле дадзеных Брэсцкай абласной выбарчай камісіі, на 16 акругаў, што ствараны ў рэгіёне, зарэгістравана 75 кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Найбольшая канкурэнцыя чакаецца ў Брэсцкай-Усходняй акрузе №3, дзе зарэгіставана 8 кандыдатаў. Па 6 жадаючых трапіць у парламент зарэгістравана ў абласным цэнтры – у Брэсцкай-Заходняй акрузе №1 і Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2, а таксама ў Бярозаўскай акрузе №9.

Што тычыцца адмоваў у рэгістрацыі, дык паводле афіцыйных звестак, адзін прэтэндэнт падаў няпоўны пакет дакументаў і парушыў парадак вылучэння. Размова ідзе пра вылучэнца ад Партыі БНФ ў Бярозаўскай акрузе №9 Таццяну Бялько. Яшчэ тры прэтэндэнты, па версіі акруговых выбаркамаў, паказалі няпоўныя звесткі ў сваіх дэкларацыях аб даходах. У прыватнасці, гэта з’явілася падставай для адмовы ў рэгістрацыі вылучэнца ад Партыі БНФ у Пінскай сельскай акрузе №15 Андрэя Кахнюка. У выніку ў гэтай выбрачай акрузе чакаецца самы малы конкурс – два кандыдаты ў дэпутаты  

У Брэсце адзіным прэтэндэнтам, якога не зарэгістравалі, ёсць беспартыйны прыхільнік кампаніі “Гавары праўду” Даніл Палянскі (на фота). 45-гадовы індывідуальны прадпрымальнік вылучаўся шляхам збору подпісаў у Брэсцкай-Цэнтральнай акрузе №2. Падставай для адмовы ў рэгістрацыі было тое, што вылучэнец не пазначыў у сваёй дэкларацыі аб даходах два аўтамабіля 1980 і 1981 гадоў выпуска. Як паведаміў Палянскі, гэтыя транспартныя сродкі яшчэ ў 1993 годзе былі прададзены па даверанасці, але, як высветлілася, дагэтуль не знятыя з уліку. Сябры акруговай выбарчай камісіі палічылі, што гэта ёсць сур’ёзным парушэннем менавіта былога ўладальніка аўтамабіляў. Даніл Палянскі з гэтымі высновамі не пагадзіўся і мае намер абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2.

Дарэчы, у часе паседжання выбаркаму Палянскага таксама упікнулі яшчэ і за тое, што сябры ягонай ініцыятыўнай групы нібыта неахайна займаліся запаўненнем падпісных лістоў (неразборлівы почырк, мятыя аркушы). Між тым, менавіта Даніл Палянскі і ягоныя прыхільнікі выкрылі факт, калі ў інтэрнаце ААТ “Дываны Брэста” зборам подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Валянціна Мілашэўскага (дэпутат Палаты прадстаўнікоў цяпершаняга склікання) займалася неўпаўнаважаная асоба. Акрамя таго, у падпісным лісце за вылучэнне гэтага кандыдата альбо адсутнічалі пашпартныя дадзеныя грамадзян, альба дата і асабісты подпіс. Тым не менш, гэта не паўплывала на рашэнне акруговай камісіі зарэгістраваць Мілашэўскага кандыдатам у дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары