Навагрудак: з 5 прэтэндэнтаў не зарэгістравалі толькі вылучэнца ад Руху “За свабоду”
У Навагрудку адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Навагрудскай выбарчай акругі №57, на якім было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты прадставілі 5 чалавек: Валерый Антонаў (ЛДПБ), Кацярына Казец (КПБ), Уладзімір Круцікаў (Партыя БНФ), Вадзім Леван (Рух “За свабоду”) і Вольга Папко (дырэктар установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір”).
Першым разглядалася пытанне рэгістрацыі Вадзіма Леван ад Руху “За свабоду”, які адзін з першых на Гродзеншчыне сабраў больш за 2 тысячы подпісаў, а на праверку ў камісію здаў 1250. Члены камісіі адразу зрабілі заўвагі па лістах з подпісамі. Па словах Вадзіма Левана, члены камісіі ўзялі тры лісты і сказалі, што выбаршчыкі распісваліся на лістах, а дату ставілі не яны, а той, хто збіраў подпісы. “Такую заўвагу члены камісіі зрабілі толькі па трох лістах. Але, чамусьці, забракавалі ўсе сабраныя лісты з подпісамі. А я з гэтым катэгарычна не пагаджаюся. Мяне не зарэгістравалі. Цяпер я па дадзеным факце рыхтую скаргу ў Гродзенскую абласную выбарчую камісію”, -- сказаў Вадзім Леван.
З 5 прэтэндэнтаў акруговая выбарчая камісія Навагрудскай выбарчай акругі №57 не зарэгістравала толькі Вадзіма Левана, астатнія атрымалі пасведчанні аб рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты.