Ліда: з 8 прэтэндэнтаў кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравалі 4
На пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі Лідскай выбарчай акругі № 55 камісія разгледзела пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Лідскай выбарчай акрузе №55 прадставілі 8 чалавек: Анатоль Вялікін (генеральны дырэктар “Бел-Пласт-Інтэрнэшынл», беспартыйны), Ігар Данешчык (ЛДПБ), Бэла Дашкіна (АГП), Віктар Звярко (мэнеджэр па гандлі ААТ “Элцітэк”), Андрэй Навумовіч (дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў), Станіслаў Суднік (Партыя БНФ), Аляксандр Хвайніцкі (КПБ), Аляксандр Шор (дырэктар прадпрыемства “Ордаль-шкло”).
Два прэтэндэнты – Анатоль Вялікін і Аляксандр Хвайніцкі па ўласным жаданні зняліся з выбарчай кампаніі.
Камісія не зарэгістравала кандыдатамі ў дэпутаты Бэлу Дашкіну ў сувязі з тым, што пратакол з’езда іх партыі спазніўся на два дні, а таксама Ігара Данешчыка, у якога камісія выявіла разыходжанні ў прыбытках больш чым на 70 %. У яго выяўлена таксама судзімасць, і тое, што нядаўна спадар Данешчык прадаў свой уласны аўтамабіль, і прыбытак ад продажу аўто не ўлічыў у дэкларацыі.
З 8 прэтэндэнтаў акруговая выбарчая камісія Лідскай выбарчай акругі №55 зарэгістравала 4 кандыдатаў: Віктара Звярко, Андрэя Навумовіча, Станіслава Судніка і Аляксандра Шора.