Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у Слоніме, Дзятлаве, Ваўкавыску. Цікавая сітуацыя ў Слоніме: тры дэмакраты vs дзеючай дэпутаткі

Слонім: тры дэмакраты vs дзеючай дэпутаткі

11 жніўня ў Слоніме адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Слонімскай выбарчай акругі №58, на якім было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы на рэгістрацыю прадставілі 7 чалавек: Алесь Масюк (БХД), Андрэй Сакалоўскі (рэдактар сайта “Хроніка слонімскіх падзей”), Іван Шэга (Слонімскае згуртаванне дэмакратычных сіл), Міхаіл Караткевіч (“Справядлівы свет”), Ала Сопікава (дзеючы дэпутат Палаты прадстаўнікоў), Уладзімір Чышчэня (старшыня Слонімскага раённага аб’яднання прафсаюзаў) і Сяргей Мароз (ЛДПБ).

Уладзімір Чышчэня напісаў заяву ў камісію, што ён адмаўлянецца ад удзелу ў выбарах. Да спадара Мароза ў членаў камісіі было шмат пытанняў, найперш, звязаных з прыбыткамі, якія, на думку членаў камісіі, спадар Мароз значна занізіў, таму яго кандыдатам у дэпутаты не зарэгістравалі.

Не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты і Андрэя Сакалоўскага. Камісія выявіла ў яго больш за 17% несапраўдных сабраных подпісаў. Спадар Сакалоўскі выказаў сваё незадавальненне як працай камісіі, так і тымі, хто пажадаў балатавацца ў дэпутаты. Найперш дасталося членам камісіі, якіх ён паабяцаў “вывесці на чыстую ваду” і прымусіць іх па-сапраўднаму працаваць.

Такім чынам, з 7 прэтэндэнтаў акруговая выбарчая камісія Слонімскай выбарчай акругі №58 зарэгістравала 4 кандыдатаў: Алу Сопікаву, Алеся Масюка, Міхаіла Караткевіча і Івана Шэгу.

Дзятлава: прычыны нерэгістрацыі – памылкі ў падпісных лістах і адсутнасць пячаткі на даведцы з месца працы

11 жніўня ў Дзятлаве адбылося пасяджэнне акруговай выбарчай камісіі Дзятлаўскай выбарчай акругі №56, на якім было разгледжана пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты прадставілі 6 чалавек: Вітольд Ашурак (Партыя БНФ), Антон Вайцехаў (АГП), Сяргей Яфімаў (ЛДПБ), Віталь Заяц (пракурор Дзятлаўскага раёна), Валянцін Міхневіч (першы намеснік Міністра ўнутраных спраў), Сяргей Альшэўскі (беспартыйны).

Антон Вайцехаў прынёс даведку з месца працы, але яна не была заверана пячаткай. У лістах па збору подпісаў за Сяргея Альшэўскага было дапушчана шэраг памылак. Гэтыя недакладнасці і сталі прычынай, каб не зарэгістраваць  прэтэндэнтаў  кандыдатамі ў дэпутаты.

З 6 прэтэндэнтаў акруговая выбарчая камісія Дзятлаўскай выбарчай акругі №56 зарэгістравала 4 кандыдаты: Вітольд Ашурак, Сяргей Яфімаў, Віталь Заяц, Валянцін Міхневіч.

Ваўкавыск: кандыдатамі зарэгістраваны ўсе 5 прэтэндэнтаў

Па Ваўкавыскай выбарчай акрузе № 48 з пяці прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты, якія падалі ў камісію дакументы на рэгістрацыю, зарэгістравалі ўсіх пяцёх. Гэта  кіраўнік Слонімскай суполкі Партыі БНФ, актыўны сябра Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл Павел Севасцьян, сябра ЛДП Дзмітрый Андрукоў, начальнік Ваўкавыскага РАНС Павал Паканечны, юрысконсульт ПГУП «Донумторг» Віталій Таўстыга і цяперашні дэпутат Аляксандр Сягоднік.

Пасяджэнне камісіі прайшло адкрыта, з удзелам усіх прэтэндэнтаў.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары